Паводле звестак агенцтва Reuters са спасылкай на тры крыніцы ў ізраільскай адміністрацыі, ізраільскія спецслужбы знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасці адносна магчымага ўмяшання ЗША ў справы Ірана.
Агенцтва сцвярджае, што ўчора дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа размаўляў па тэлефоне з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху аб магчымым умяшанні ў справы Ірана. Адміністрацыя ЗША пацвердзіла, што лідары абмеркавалі гэтае пытанне, але не паведаміла падрабязнасцей.
Сітуацыя ў Іране напружаная ўжо некалькі дзён. Пашыраюцца антыўрадавыя пратэсты ў сувязі з ростам цэн і эканамічным крызісам. Улады краіны ўзмацняюць рэпрэсіі супраць пратэстуючых. Паводле звестак іранскіх праваабаронцаў, за 14 дзён загінулі 116 чалавек і больш за 2500 атрымалі раненні. Пратэсты прайшлі ў 185 гарадах.
Прэзідэнт ЗША адзначыў у суботу: «Іран імкнецца да свабоды, магчыма, як ніколі раней. ЗША гатовыя дапамагчы!!!» — напісаў Дональд Трамп на сайце Truth Social. Reuters не ўдакладніла, як на практыцы будзе выглядаць павышаная гатоўнасць ізраільскіх службаў у сувязі з магчымым умяшаннем ЗША ў справы Ірана.
Тым часам Іран папярэдзіў, што ён жорстка адкажа на напад ЗША. Спікер парламента Ірана Махамад Бакер Калібаф заявіў, што гэты адказ будзе ўключаць авіяўдары па ізраільскіх і амерыканскіх ваенных базах у рэгіёне.
IAR/нг