Польшча і Чэхія сумесна прасоўваюць свае замкі і палацы ў межах новай турыстычнай ініцыятывы. 80 гістарычных аб’ектаў у Ніжняй Сілезіі, Апольскім ваяводстве і па чэшскім баку мяжы аб’ядналіся ў Еўрапейскі шлях замкаў і палацаў. Як адзначылі ў Празе прадстаўнікі турыстычнай галіны, польска-чэшскі праект надасць новы імпульс развіццю рэгіянальнага турызму і павысіць цікавасць да помнікаў архітэктуры.
Паводле дырэктара Ніжнесілезскай турыстычнай арганізацыі Якуба Фейгі, супрацоўніцтва грунтуецца на ўзаемнай рэкламе па абодвух баках мяжы, а прапановы краін узаемна дапаўняюцца. Чэшскія замкі часта маюць шырокую музейную і выставачную інфраструктуру, у той час як у польскіх замках турысты могуць смачна паесці і ўтульна пераночыць, бо многія з іх пераўтвораны ў гатэлі.
Дырэктар пражскага офіса Польскай турыстычнай арганізацыі Павел Траян падкрэсліў, што Ніжняя Сілезія з’яўляецца натуральным першым напрамкам паездак чэхаў у Польшчу. Асаблівую цікавасць у іх выклікае аднаўленне замкаў, якія былі часткова зруйнаваныя, але сёння вярнулі сабе даваенны выгляд.
Сярод папулярных памежных рэгіёнаў у чэхаў — Клодзкая даліна, а ў палякаў, — замак у Нахадзе, дзе яны складаюць каля паловы ўсіх наведвальнікаў.
iar/эж