Беларуская Служба

Дональд Трамп паведаміў аб увядзенні мытаў у дачыненні да шэрагу еўрапейскіх краін з-за Грэнландыі

18.01.2026 07:59
Паводле яго слоў, яны будуць дзейнічаць да «тых часоў, пакуль не будзе заключана здзелка аб поўнай і безумоўнай куплі Грэнландыі» Злучанымі Штатамі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп PAP/EPA/SHAWN THEW

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб'явіў аб увядзенні з 1 лютага новых мытаў у памеры 10% у дачыненні да шэрагу еўрапейскіх краін з-за сітуацыі вакол Грэнландыі. Аб гэтым паведамляе BBC.

У сваім паведамленні ў сацыяльнай сетцы Truth Social Трамп напісаў, што ў дачыненні да Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў і Фінляндыі, будуць «спаганяцца мыты ў памеры 10%» на ўсе без выключэння тавары, якія адпраўляюцца ў ЗША.

Паводле яго слоў, яны будуць дзейнічаць да «тых часоў, пакуль не будзе заключана здзелка аб поўнай і безумоўнай куплі Грэнландыі» Злучанымі Штатамі.

Амерыканскі лідар таксама дадаў, што з 1 чэрвеня гэтая стаўка будзе павялічана да 25%.
Грэнландыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова паўтараў, што востраў павінен стаць часткай ЗША, спасылаючыся на яго стратэгічную важнасць для нацыянальнай бяспекі. Амерыканскі лідар адмаўляўся даць абяцанне не прымяняць ваенную сілу для ўстанаўлення кантролю над Грэнландыяй.

Улады Даніі і Грэнландыі перасцераглі ЗША ад захопу вострава, адзначыўшы, што чакаюць павагі да іх тэрытарыяльнай цэласнасці. Краіны ЕС у студзені абмеркавалі магчымую рэакцыю ў выпадку, калі пагрозы ЗША адносна Грэнландыі будуць рэальнымі.

На днях некалькі еўрапейскіх дзяржаў сімвалічна перакінулі свае падраздзяленні ў Грэнландыю.

вс