Беларуская Служба

Малдова пачала працэс выхаду з СНД

20.01.2026 10:12
Гаворка ідзе пра юрыдычны выхад з СНД, бо фактычна ўдзел Малдовы ў арганізацыі быў прыпынены ўжо некаторы час таму.
  ()
Сцяг Малдовы (ілюстрацыя)Фота: Беларуская служба Польскага радыё/https://www.polskieradio.pl/396

Улады Малдовы запусцілі працэс дэнансацыі трох базавых пагадненняў, якія ляжаць у аснове членства краіны ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Пра гэта 19 студзеня заявіў у эфіры Radio Moldova віцэ-прэм’ер і міністр замежных спраў Міхай Папшой. Гаворка ідзе пра юрыдычны выхад з СНД, бо фактычна ўдзел Малдовы ў арганізацыі быў прыпынены ўжо некаторы час таму.

Дэнансацыі падлягаюць Статут СНД ад 1993 года, Пагадненне аб стварэнні СНД ад 1991 года і дадатак да яго. Адпаведныя дакументы парламент Малдовы разгледзіць на пачатку новай сесіі. Чакаецца, што ўсе працэдуры будуць завершаныя да сярэдзіны лютага.

Міхай Папшой назваў гэты крок важным элементам умацавання еўрапейскага курсу Малдовы. Пры гэтым Кішынёў не плануе адмаўляцца ад пагадненняў з СНД, якія маюць эканамічную або практычную карысць і не супярэчаць еўрапейскай інтэграцыі краіны.

У склад Садружнасці Незалежных Дзяржаў, акрамя Расіі, уваходзяць Беларусь, Арменія, Азербайджан, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан і Узбекістан. Туркменістан мае статус асацыяванага члена.

iar/эж


У Кішынёве закрыюць Расійскі цэнтр навукі і культуры

05.01.2026 18:17
У МЗС Малдовы заявілі, што цэнтр, які дзейнічаў з 2009 года, займаўся гібрыднай дзейнасцю, у тым ліку прасоўваннем ідэалогіі расійскага дамінавання.