Беларуская Служба

Славакія абскардзіць у судзе еўрапейскую забарону на імпарт расійскага газу

27.01.2026 18:34
Расійскі газ цяпер складае каля 30% паставак гэтага энерганосьбіта ў Славакію.
Прэм’ер Славакіі Роберт Фіца PAP/EPA/ALEXANDER KAZAKOV / SPUTNIK / KREMLIN POOL

Славакія абскардзіць рашэнне Еўрапейскага Саюза аб забароне імпарту расійскага газу,  — паведаміў прэм’ер-міністр краіны Роберт Фіца, абвясціўшы пра намер звярнуцца ў Суд Еўрапейскага Саюза.

Дзяржавы-члены ЕС 26 студзеня прынялі рашэнне спыніць імпарт расійскага звадкаванага газу да канца года, а пастаўкі трубаправоднага газу — да 30 верасня 2027 года. Славацкі прэм'ер назваў такі крок «энергетычным самагубствам», якое, на яго думку, будзе мець негатыўныя наступствы для ўсяго ЕС. Палітык таксама раскрытыкаваў прыняцце рашэння кваліфікаванай большасцю галасоў.

«Мы будзем дамагацца прызнання гэтага рашэння такім, што супярэчыць прынцыпам, на якіх грунтуецца Еўрапейскі Саюз. Аналагічны пазоў плануюць падаць Венгрыя, якая, як і мы, галасавала супраць. Сумесная скарга немагчымая, кожная краіна звернецца асобна, але, натуральна, мы будзем каардынаваць свае аргументы», — заявіў Роберт Фіца.

Расійскі газ цяпер складае каля 30% паставак гэтага энерганосьбіта ў Славакію. Паводле Браціславы, датэрміновае спыненне кантракту з «Газпрамам», які дзейнічае да 2034 года, можа прывесці да штрафных выплат у памеры да 16 мільярдаў долараў.

эж