Беларуская Служба

Сіцылійскі горад над прорвай. «Сітуацыя жахлівая» (ФОТА)

28.01.2026 10:44
Сотні людзей былі эвакуяваныя, і яшчэ больш будынкаў знаходзяцца пад пагрозай абвальвання – такая сітуацыя ў сіцылійскім горадзе Нішэмі.
Апоўзень у выніку магутнага шторму PAP/EPA/ROSARIO CAUCHI

Пасля магутнага шторму частка схілу зрушылася, утварыўшы прорву даўжынёй чатыры кіламетры. «Мы сапраўды баімся», – сказаў мэр горада.

Мэр горада Нішэмі, які знаходзіцца на вяршыні пагорка, сказаў, што «сітуацыя жахлівая». На сённяшні дзень каля 1500 чалавек былі эвакуяваныя з сваіх дамоў. У нядзелю там адбыўся апоўзень у выніку магутнага шторму. Ён утварыў прорву даўжынёй чатыры кіламетры. Апоўзень працягвае пашырацца, ахопліваючы ўсё больш і больш раёнаў горада.

«Гэта драматычны апоўзень», – сказаў мэр горада Масіміліяна Конці ў відэа, размешчаным у інтэрнэце. Ён заклікаў жыхароў будынкаў па-за межамі вызначаных зон заставацца дома. «Я не хачу, каб хто-небудзь недаацэньваў гэтую падзею. На шчасце, ніхто не пацярпеў, толькі пашкоджанні дамоў», – падкрэсліў ён.

На фотаздымках і відэа бачна, як дамы літаральна балансуюць на краі, паведамляе The Guardian. Насельніцтва Нішэмі складае каля 25 000 чалавек. Многія эвакуяваныя жывуць у сваякоў, хоць сотні правялі апошнія дзве ночы ў мясцовай спартыўнай зале. Школы былі зачыненыя ў аўторак, а дарога, якая злучае Нішэмі з прыбярэжным горадам Джэла, застаецца закрытай.


. 

Генеральны дырэктар сіцылійскай службы грамадзянскай абароны Сальваторэ Кочына папярэдзіў, што ўсе дамы ў радыусе 50-70 метраў ад абрыву абваляцца. «Мы, несумненна, баімся», – сказаў Конці ў інтэрв'ю «La Repubblica».

Урад Італіі абвясціў надзвычайнае становішча ў паўднёвых рэгіёнах. На мінулым тыдні магутны цыклон «Гары» суправаджаўся моцнымі дажджамі і хвалямі вышынёй да дзевяці метраў. Шторм прынёс пашкоджанні на Сіцыліі, у Калабрыі і Сардзініі, разбурыўшы дарогі і ўзбярэжжы, а таксама прыморскія курорты.

Страты ацэньваюцца ў больш чым адзін мільярд еўра. Толькі Сіцылія ацаніла шкоду прыкладна ў 740 мільёнаў еўра, але мяркуецца, што канчатковая лічба можа быць удвая большай.

PolsatNews/ав/фота PAP/EPA/ROSARIO CAUCHI


.