Беларуская Служба

Папрасіце нарвежцаў, каб Трампу далі мірнага Нобеля. Спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША напісаў ліст старшыні Сейма Польшчы

01.02.2026 20:35
Падобныя просьбы атрымлівалі і іншыя кіраўнікі парламентаў ва ўсім свеце.
Дональд Трамп у сваім рабочым кабінеце ў Белым домеPAP/EPA/FRANCIS CHUNG/POOL

У панядзелак, 2 лютага, спікер Сейма Уладзімеж Чажасты мае выказаць сваю пазіцыю адносна падтрымкі кандыдатуры Дональда Трампа на Нобелеўскай прэміі міру. Адпаведны ліст з просьбай у Сейм накіравалі спікер Палаты прадстаўнікоў ЗША Майк Джонсан і старшыня ізраільскага Кнэсета Амір Ахана.

Да ліста далучаны ўзор дакумента, які Уладзімеж Чажасты павінен даслаць у нарвежскі Нобелеўскі камітэт. Ён, сярод іншага, утрымлівае напамін пра тое, што прэзідэнт Дональд Трамп «спыніў восем войнаў» і заслугоўвае атрымання Нобелеўскай прэміі за свае намаганні па ўсталяванні міру ў свеце. Падобныя звароты атрымлівалі і іншыя кіраўнікі парламентаў ва ўсім свеце.

Дэпутат Еўрапарламента ад правацэнтрысцкай «Грамадзянскай кааліцыі» Міхал Шчэрба мяркуе, што старшыня Сейма падтрымае кандыдатуру прэзідэнта ЗША на Нобелеўскую прэмію міру. Дэпутат дадае, што ў выпадку адмовы пра гэта трэба будзе паведаміць у далікатнай форме, бо, паводле яго слоў, Трамп вельмі эмацыйна рэагуе на падобнага роду адмовы.

- Я згодны з віцэ-прэм'ерам Сікорскім. Калі Дональд Трамп акажа станоўчы ўплыў на дасягненне міру ва Украіне, чаго ён пакуль не зрабіў, то, магчыма, ён заслугоўвае на нейкую ўзнагароду. Аднак пакуль што ў нас ёсць 12 месяцаў да ўручэння і чырвоная дарожка для Пуціна. Гэта не тое, за што трэба ўручаць Нобелеўскую прэмію.

Віцэ-прэмʼер і міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі раней заявіў, што падтрымае намаганні па прысуджэнні Дональду Трампу прэміі, калі яму ўдасца дасягнуць справядлівага міру ва Украіне. Падобнага меркавання прытрымліваецца дэпутат Яраслаў Краеўскі з кансерватыўна-каталіцкай партыі «Права і справядлівасць».

- Калі б на Блізкім Усходзе быў трывалы мір, мы маглі б гаварыць пра стабілізацыю ў сектары Газа і ў Ліване. Тады, я лічу, мы павінны ўзнагародзіць Нобелеўскімі прэміямі палітыкаў, якія гэтага дасягнулі.

Кіраўнік парламенцкай фракцыі сацыял-дэмакратаў Анна Марыя Жукоўска сказала, што была здзіўленая лістом, які спікеры Палаты прадстаўнікоў ЗША і Кнэсета накіравалі старшыні Сейма.

Паводле Жукоўскай, дзеянні Дональда Трампа, накіраваныя хоць бы на пагрозы захопу Грэнландыі, не маюць нічога агульнага з мірам. Дэпутат таксама адзначыла, што амерыканскі лідар, насуперак сваім уласным заявам, не спыніў вайну ва Украіне.

- Гэта складанае пытанне, бо прэзідэнт Дональд Трамп часта мяняе свае погляды ў гэтым пытанні. Нядаўна ён павесіў партрэт Уладзіміра Пуціна ў сваёй рэзідэнцыі. І таму я задаю пытанне: на чыім баку гэтага канфлікту ён знаходзіцца – на баку агрэсара ці на баку Украіны, на якую Расія напала?

Нобелеўская прэмія міру прысуджаецца Нобелеўскім камітэтам у складзе пяці чалавек, прызначаным нарвежскім парламентам. У мінулым годзе ўзнагароду атрымала венесуэльская апазіцыйная актывістка Марыя Карына Мачада. Прэзідэнт ЗША тады публічна заявіў, што насамрэч прэмію павінен атрымаць ён.

вс