Беларуская Служба

Польскіх каралеў паказваюць на выставе ў Швецыі як прыклад важных жанчын у палітыцы і дыпламатыі

15.02.2026 16:15
Польскі інстытут анансуе дадатковыя мерапрыемствы, прысвечаныя Кацярыне Ягелонцы.
   .
Партрэт каралевы Кацярыны Ягелонкі.Lucas Cranach młodszy / Zbiory Muzeum Narodowego w Krakowie / Domena publiczna

Польскія каралевы Кацярына Ягелонка і Барбара Радзівіл з’яўляюцца цэнтральнымі постацямі выставы, адкрытай у цэнтральнай Швецыі. Экспазіцыя «Каралевы» у Упсале паказвае палітычную ролю жанчын і іх уплыў на адносіны паміж дзяржавамі Балтыйскага рэгіёну.

Выставу падрыхтавалі Замак і музей Упсалы. Яна прысвечана дзвюм каралевам эпохі Адраджэння, жыццё якіх мела значэнне для гісторыі Польшчы, Літвы і Швецыі — Кацярыны Ягелонкі і Барбары Радзівіл.

Кацярына Ягелонка была дачкой караля Польшчы Жыгімонта Старога і каралевы Боны Сфорцы. Пасля шлюбу з Юханам III Вазам яна стала каралевай Швецыі і адыграла важную ролю ў падтрымцы дынастычных і культурных сувязяў паміж Стакгольмам і Кракавам. Яна таксама была маці Жыгімонта III Вазы, які пазней стаў манархам абедзвюх краін.

На выставе прадстаўлены гістарычныя прадметы, дакументы і партрэты, а таксама сучаснае мастацтва, натхнёнае іх жыццём. Арганізатары падкрэсліваюць, што мэта праекта — паказаць значэнне жанчын у палітыцы і дыпламатыі.

Экспазіцыя будзе працаваць да 23 жніўня і належыць да найбуйнейшых музейных праектаў гэтага года ў Упсале. Польскі інстытут анансуе дадатковыя мерапрыемствы, прысвечаныя Кацярыне Ягелонцы, 500-годдзе з дня нараджэння якой адзначаецца сёлета.

IAR/нг