За два дні да чацвёртай гадавіны расійскай агрэсіі супраць Украіны Папа Леў XIV у нядзелю заклікаў да неадкладнага спынення баявых дзеянняў і бамбардзіровак, а таксама да ўмацавання дыялогу дзеля міру. Падчас сустрэчы з вернікамі ў Ватыкане ён сказаў, што кожная вайна – гэта рана, нанесеная ўсёй чалавечай сям'і.
Звяртаючыся да тысяч людзей, якія сабраліся на малітву «Анёл Панскі», Папа сказаў:
«Чатыры гады мінула з пачатку вайны супраць Украіны. Маё сэрца звернута да драматычнай сітуацыі, якая разгортваецца на вачах усіх. Колькі ахвяр, колькі жыццяў і разбітых семʼяў, колькі разбурэнняў, колькі невымоўных пакут».
«Сапраўды, кожная вайна – гэта рана, нанесеная ўсёй чалавечай сямʼі, якая пакідае пасля сябе смерць, разбурэнні і след болю, які пазначае пакаленні. Мір нельга адкладаць. Гэта тэрміновая патрэба, і яна павінна знайсці месца ў сэрцах і ператварыцца ў адказныя рашэнні», – заявіў Леў XIV.
Затым ён дадаў: «Таму я зноў звяртаюся да свайго рашучага закліку: няхай зброя змоўкне, няхай спыняцца бамбардзіроўкі, няхай неадкладна будзе дасягнута спыненне агню і няхай умацуецца дыялог, каб адкрыць шлях да міру. Я заклікаю ўсіх абʼяднацца ў малітве за пакутны ўкраінскі народ і за ўсіх, хто пакутуе ад гэтай вайны і ўсіх канфліктаў у свеце. Няхай доўгачаканы дар міру асвятліць нашы дні».
ав