Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заклікаў у суботу да тэрміновага пасяджэння Савета Бяспекі ААН пасля атак Ізраіля і ЗША на Іран. У сваёй заяве ён падкрэсліў, што цяперашняя эскалацыя небяспечная для ўсіх і павінна скончыцца.
Макрон, якога цытуе Reuters, таксама падкрэсліў, што іранскі рэжым павінен зразумець, што ў яго няма іншага выбару, акрамя як весці перамовы добрай волі, каб спыніць свае ядзерныя і ракетныя праграмы. Французскі лідар заявіў, што іранцы павінны мець магчымасць свабодна будаваць сваю будучыню.
Брытанскі ўрад у каментарыі па падзеях на Блізкім Усходзе заявіў, што Ірану ніколі нельга дазваляць распрацоўваць ядзерную зброю.
Міністэрства замежных спраў Германіі заявіла, што Берлін уважліва сочыць за сітуацыяй у Іране, Ізраілі і ва ўсім рэгіёне.
Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен і старшыня Еўрапейскай рады Антоніа Коста ў суботу заявілі, што падзеі ў Іране «выклікаюць вялікую трывогу». Яны заклікалі ўсе бакі праяўляць максімальную стрыманасць, абараняць мірных жыхароў і паважаць міжнароднае права.
«Мы пацвярджаем нашу нязменную прыхільнасць ахове рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, – падкрэслілі фон дэр Ляен і Коста ў сумеснай заяве. - Забеспячэнне ядзернай бяспекі і прадухіленне любых дзеянняў, якія могуць яшчэ больш абвастрыць напружанасць або падарваць глабальны рэжым нераспаўсюджвання, мае вырашальнае значэнне».
Яны нагадалі, што Еўрапейскі саюз увёў санкцыі «ў адказ на дзеянні забойчага рэжыму Ірана і Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі і паслядоўна падтрымлівае дыпламатычныя намаганні па вырашэнні пытання ядзерных і балістычных ракетных праграм шляхам перамоваў».
«Мы заклікаем усе бакі праяўляць максімальную стрыманасць, абараняць мірных жыхароў і цалкам паважаць міжнароднае права», – напісалі ў заяве кіраўнікі Камісіі і Еўрапейскай рады.
ав