Беларуская Служба

Канфлікт у Іране не скончыцца хуткай капітуляцыяй Тэгерана

03.03.2026 12:20
На Блізкім Усходзе працягваюцца баявыя дзеянні паміж амерыканскімі ды ізраільскімі войскамі і Іранам ды Хезбалой. 
Тэгеран PAP/EPA/ABEDIN TAHERKENAREH

Рэакцыя Ірана на атаку ЗША і Ізраіля сведчыць пра тое, што канфлікт не скончыцца хуткай капітуляцыяй Тэгерана, лічыць амерыканіст Войцех Квяткоўскі.

На Блізкім Усходзе працягваюцца баявыя дзеянні паміж амерыканскімі і ізраільскімі войскамі з аднаго боку і Іранам і «Хезбалой» — з другога. Ізраільскія і амерыканскія самалёты нанеслі ўдары па некалькіх цэлях у Іране, а іранскія ракеты і беспілотнікі атакавалі ваенныя базы і пасольствы ЗША ў рэгіёне.

У эфіры «Польскага радыё 24» Войцех Квяткоўскі падкрэсліў, што мэта Вашынгтона — змена рэжыму ў Тэгеране і абмежаванне экспарту іранскай нафты ў Кітай:

— У амерыканскіх інтарэсах перацягнуць іранскія ўлады на свой бок, бо Іран — гэта чарговая заправачная станцыя Кітая. Іран кантралюе Армузскі праліў. Калі б гэта была дружалюбная для ЗША краіна, гэта прынесла б вялікую карысць Амерыцы і стала б велізарнай стратай для Кітая.

Амерыканіст дадаў, што мэта Ізраіля — цалкам знішчыць ваенны і палітычны патэнцыял Ірана, каб ён ператварыўся ў слабую дзяржаву. Таму інтарэсы Амерыкі і Ізраіля ў пэўны момант могуць разысціся.

Іран атакоўваў дыпламатычныя місіі і ваенныя аб’екты ЗША ў Саудаўскай Аравіі, Бахрэйне і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а таксама ў іншых краінах. Іранскія ракеты таксама былі выпушчаныя па Ізраілі.

Як паведаміў у аўторак Іранскі Чырвоны Паўмесяц, у выніку вайны ў Іране загінулі прынамсі 787 чалавек. Арганізацыя не ўдакладніла, ці адносяцца гэтыя лічбы толькі да мірных жыхароў, ці таксама да супрацоўнікаў сіл бяспекі. Раней арганізацыя паведамляла пра 555 загінулых.

Брытанская газета «The Guardian» падкрэсліла, што амаль поўная адсутнасць доступу да інтэрнэту надзвычай ускладняе незалежную праверку колькасці ахвяр, дадаўшы, што гэтая лічба можа павялічыцца.

У Ізраілі ў выніку іранскіх авіяўдараў загінулі 11 чалавек. Тры чалавекі загінулі ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, па адным — у Кувейце і Бахрэйне. Амерыканскія вайскоўцы пацвердзілі гібель шасці амерыканскіх салдат, размешчаных у Кувейце.

ав