Учора (9 сакавіка) Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін пагаварылі па тэлефоне пра войны ва Украіне і на Блізкім Усходзе. Расійскія незалежныя каментатары падкрэсліваюць, што званок амерыканскага лідара расійскаму дыктатару быў чарговым крокам Дональда Трампа па змяншэнні ізаляцыі Пуціна на Захадзе.
Расійскія дзяржаўныя СМІ сцвярджаюць, што Трамп патэлефанаваў Пуціну. Кірыл Дзмітрыеў, пасланнік Крамля, адказны за адносіны са Злучанымі Штатамі, напісаў у інтэрнэце, што размова была «канструктыўнай» і сканцэнтраванай на варыянтах урэгулявання іранскага і ўкраінскага канфліктаў. Дарадца Крамля Юрый Ушакоў падкрэсліў, што Дональд Трамп выказаў зацікаўленасць у як мага хутчэйшым спыненні вайны ва Украіне. У адказ Уладзімір Пуцін распавёў пра меркаваныя ваенныя поспехі Расіі, якія, на думку Масквы, заахвоцілі б Украіну да мірных перамоваў. Чыноўнік Крамля не згадаў, што менавіта Расія не жадае ісці на саступкі і пазбягае спынення агню.
Падчас размовы з Трампам Пуцін выклаў свае прапановы па спыненні вайны ў Іране. «Радыё Свабода» адзначыла, што на працягу некалькіх дзён сусветныя СМІ паведамлялі пра тое, што Расія прадастаўляе разведвальныя дадзеныя, якія дапамагаюць іранцам атакаваць амерыканскія базы на Блізкім Усходзе. Станцыя падкрэсліла, што Трамп і іншыя людзі ў яго атачэнні лічаць гэта «нязначным фактам».
ПР/юл