Беларуская Служба

Доступ да вады ўключае ў сябе гендарны аспект роўнасці

20.03.2026 17:20
Жанчыны часцей за ўсё адказваюць за збор і выкарыстанне вады ў хатніх гаспадарках, што прымушае іх несці фізічную нагрузку, і ў выніку яны губляюць магчымасці для адукацыі і для заробку. 
Афрыканская жанчына Крыніца: pixabay/alkags

2 мільярды 100 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце не маюць доступу да пітной вады. Ад гэтага найбольш пакутуюць жанчыны і дзяўчаты. Гэтыя дадзеныя ўключаны ў справаздачу ЮНЕСКА, якая штогод публікуецца да Сусветнага дня вады.

Як гаворыцца ў дакладзе, жанчыны часцей за ўсё адказваюць за збор і выкарыстанне вады ў хатніх гаспадарках, што прымушае іх несці фізічную нагрузку, і ў выніку яны губляюць магчымасці для адукацыі і для заробку. Такім чынам глабальны водны крызіс паглыбляе гендарную няроўнасць.

Прафесар Павел Равінскі, дырэктар Інстытута геафізікі Польскай акадэміі навук, тлумачыць, што найбольшыя праблемы з доступам узнікаюць у бедных краінах, у прыватнасці, на глабальным Поўдні.

— Жанчынам у гэтым плане больш цяжка і больш складана. Праблема асабліва закранае афрыканскія краіны, ціхаакіянскія выспы. На глабальным Поўдні жанчыны традыцыйнымі метадамі забяспечваюць сям'ю вадой і часта гэта адбываецца за кошт іх грамадскага жыцця і адукацыі. 3,5 мільярда людзей не маюць таксама доступу да санітарыі, што з-за біялагічных умоў асабліва цяжка для жанчын.

Дзяўчаты і жанчыны ў пяцідзесяці трох краінах аддаюць агулам 250 мільёнаў гадзін у дзень, збіраючы ваду — у тры разы больш, чым мужчыны і хлопцы.

Сусветны дзень вады адзначаецца 22 сакавіка. Тэма гэтага года — «Вада і гендар».

IAR/яс