Расійская Служба знешняй разведкі (СВР) прапанавала інсцэніраваць замах на прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана, каб павысіць яго рэйтынг напярэдадні красавіцкіх выбараў. Аб гэтым паведамляе выданне The Washington Post са спасылкай на дакументы, якія трапілі ў яго распараджэнне.
Ва ўнутраных дакументах СВР, якія атрымала і пацвердзіла разведка адной з еўрапейскіх краін, гаворыцца, што замах на Орбана мог бы перавесці ўспрыманне выбараў з рацыянальнай плоскасці ў эмацыйную, дзе ключавымі тэмамі стануць «дзяржаўная бяспека і стабільнасць», а не сацыяльна-эканамічнае становішча краіны.
Цяпер партыя галоўнага апанента Віктара Орбана — Петэра Мадзьяра — лічыцца фаварытам гонкі, а больш за палову жыхароў Венгрыі незадаволеныя становішчам спраў у краіне, гаворыцца ў дакладзе СВР.
На якім узроўні абмяркоўвалася гэтая ідэя — невядома. У Крамлі гэтыя дадзеныя назвалі «чарговым прыкладам дэзінфармацыі». У сваю чаргу кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта сказаў, што паведамленні пра нібыта замах ні што іншае, як «тэорыя загавару».
The Washington Post адзначае, што Крэмль моцна зацікаўлены ў перамозе Орбана на парламенцкіх выбарах у красавіку, паколькі Будапешт неаднаразова перашкаджаў рэалізацыі ключавых палітычных ініцыятыў ЕС і служыў для Крамля «сувязным звяном з амерыканскімі кансерватарамі ў надзеі на стварэнне новага пасляліберальнага сусветнага парадку».
— Сама ідэя замаху на Орбана паказвае, наколькі высокія стаўкі для Масквы ў венгерскай перадвыбарнай гонцы, — пішуць журналісты.
вс