Беларуская Служба

Фрыдрых Мерц: Нямеччына аднаўляе дыялог з Іранам дзеля міру

10.04.2026 10:11
Берлін дзейнічае ў цеснай каардынацыі з ЗША і еўрапейскімі партнёрамі, каб падтрымаць будучыя перамовы паміж Вашынгтонам і Іранам.
Канцлер Фрыдрых МерцPAP/EPA/FILIP SINGER

Нямеччына далучаецца да дыпламатычных намаганняў па ўрэгуляванні канфлікту на Блізкім Усходзе. Пасля абвяшчэння перамір’я паміж ЗША і Іранам федэральны канцлер Фрыдрых Мерц паведаміў пра аднаўленне перамоў з Тэгеранам.

Паводле яго, Берлін дзейнічае ў цеснай каардынацыі з ЗША і еўрапейскімі партнёрамі, каб падтрымаць будучыя перамовы паміж Вашынгтонам і Іранам.

—  Пасля доўгага маўчання, за якім стаялі важкія прычыны, мы аднаўляем дыялог з Тэгеранам. Робім гэта ў згодзе з ЗША і нашымі еўрапейскімі партнёрамі. Наша мэта — паспрыяць поспеху перамоў і не дапусціць далейшага напружання ў трансатлантычных адносінах, — заявіў Мерц.

Палітык таксама паведаміў, што абмеркаваў сітуацыю з амерыканскім лідарам Дональдам Трампам і запэўніў: у выпадку мірнага пагаднення Нямеччына гатовая садзейнічаць бяспецы суднаходства ў Армузскай пратоцы.

Пры гэтым Мерц адзначыў, што для такога ўдзелу патрэбны міжнародны мандат і адабрэнне Бундэстага.

iar/эж