Беларуская Служба

Паліцэйскія, якія разбегліся падчас тэракту ў Кіеве, былі адхіленыя ад службовых абавязкаў

19.04.2026 11:26
Нападнік быў забіты, але паспеў забіць шэсць чалавек. 
.
Ілюстрацыя.Фота: УНІАН

Супрацоўнікі паліцыі, якія ўцяклі ад стралка падчас тэракту ў Кіеве, адхіленыя ад выканання службовых абавязкаў па даручэнні міністра ўнутраных спраў Ігара Кліменкі.

18 красавіка ўвечары ўзброены мужчына адкрыў агонь па мінаках у Галасееўскім раёне Кіева. Затым ён зайшоў у супермаркет, дзе ўзяў людзей у заложнікі. На месца здарэння прыбылі спецназаўцы, якія вялі перамовы са стралком 40 хвілін. У рэшце рэшт, яго ліквідавалі. На жаль, ёсць забітыя і параненыя ахвяры тэрарыста.

Справу кваліфікавалі як тэракт. Адкрыта крымінальная вытворчасць па ч. 3 арт. 258 Крымінальнага кодэкса. У следства ёсць некалькі версій здарэння.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў, што раней мужчына ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.

— Вядома, што нападнік падпаліў кватэру, перш чым выйсці са зброяй на вуліцу. Раней ён ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Ён доўга жыў на Данеччыне, нарадзіўся ў Расіі. Цяпер высвятляецца ўсё, што пра яго вядома і чаму ён гэта зрабіў. Трэба праверыць кожную дэталь.

Нападнік — Дзмітрый Васільчанкаў — быў забіты. Вядома, што ён нарадзіўся ў Маскве, меў украінскае грамадзянства, жыў у Бахмуце, некаторы час — у Расіі, пасля чаго пераехаў у Кіеў, дзе і здзейсніў напад.

У сацсетках ён публікаваў антыўкраінскія і антысеміцкія пасты, адмаўляў дзяржаўнасць Украіны і заклікаў да сілавых "зачыстак", прыводзячы ў прыклад метады Гітлера. Таксама выказваў падтрымку тэрарысту Гіркіну.

На гэты момант вядома, што ў выніку тэракту загінулі 6 чалавек.

UNIAN/Тэлеграм-канал Уладзіміра Зяленскага/нг