У Балгарыі праходзяць выбары ў парламент. Гэта ўжо восьмыя выбары за апошнія пяць гадоў. Паводле апытанняў, цяпер таксама можа не ўдасца сфармаваць стабільны ўрад. Папярэдні парламент быў распушчаны пасля масавых пратэстаў у снежні мінулага года.
Балгары, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, казалі, што хочуць змен, але яны хутчэй не былі аптымістычна настроеныя наконт магчымасці перамагчы тупіковую сітуацыю.
— Мы хочам, каб усё прайшло як мага лепш. Мы хочам, каб дэмакратыя перамагла ўсюды.
— Мы хочам стабільнага кіраўніцтва ў Балгарыі.
— Мы хочам лепшага жыцця для моладзі і для нас, пажылых людзей.
— Мы хочам спыніць карупцыю.
— З таго, што я бачу, гэта будуць не апошнія выбары. Балгарыі патрэбна нешта новае. Дзеля маладых нешта павінна змяніцца. Людзі павінны жыць лепш. Жыццё павінна быць больш мірным. Не павінна быць забойстваў.
Выбары на працягу апошніх пяці гадоў не прынеслі доўгатэрміновых рашэнняў — партыі не змаглі сфармаваць стабільны ўрад, і краіна заставалася пад уладай часовых урадаў. Папярэдняе галасаванне адбылося ў кастрычніку 2024 года. Сёння (нядзеля, 19 красавіка) 14 партый і 10 кааліцый змагаюцца за месцы ў 240-мандатным Нацыянальным сходзе Балгарыі.
Згодна з нядаўнімі выбарчымі апытаннямі, найбольш папулярная новая палітычная групоўка, звязаная з прэзідэнтам Руменам Радзевым, які падаў у адстаўку ў пачатку года, каб удзельнічаць у выбарах. Апытанні паказвалі, што партыя набірае каля 30%, але гэтага недастаткова, каб самастойна сфармаваць урад. Цяжка вызначыць патэнцыйнага партнёра па кааліцыі.
Далей у апытаннях ішлі партыя ГЕРБ былога прэм'ер-міністра Бойка Барысава і кааліцыя «Працяг змен — Дэмакратычная Балгарыя».
IAR/EBU/w Janic/w Owsianko/нг