Беларуская Служба

Зацягванне перамоваў з амерыканцамі — у інтарэсе Ірана, лічыць польскі палітык

20.04.2026 11:10
Зацягванне перамоваў азначае павелічэнне міжнароднага ціску на амерыканскую адміністрацыю, кажа Рышард Пэтру.
Паўсядзённае жыццё ў Тэгеране падчас працяглай блакады АрмузаPAP/EPA/ABEDIN TAHERKENAREH

Польскія палітыкі занепакоеныя падзеямі на Блізкім Усходзе. Нягледзячы на часовае перамір'е, перамовы аб трывалым міры ў рэгіёне не задавальняюць ні адзін з бакоў. Армузскі праліў, які мае стратэгічнае значэнне для рынку сыравіны, застаецца часткова заблакаваны для суднаходства і танкераў.

Паведамленні, якія паступаюць з Блізкага Усходу, непакояць, кажа дэпутат парламенцкага клуба «Цэнтр» Рышард Пэтру (Ryszard Petru).

— Характар перамоваў, якія праводзіць Дональд Трамп, даволі жорсткі. Тым не менш, стратэгія іранцаў аказваецца цалкам паспяховай. Паводле мяне, у інтарэсе іранскага боку — прадаўжаць перамовы, бо гэта азначае рост ціску на Дональда Трампа і амерыканскую адміністрацыю — каб прадухіліць рост цэнаў на нафту, паніку на рынках і дасягнуць нейкай прадказальнасці, — кажа палітык.

Польшча гатовая да магчымага зацягвання крызісу на Блізкім Усходзе ў такой ступені, у якой гэта магчыма ў настолькі дынамічнай сітуацыі, лічыць намеснік міністра развіцця і тэхналогіі Польшчы Міхал Бараноўскі (Michał Baranowski).

Ён нагадаў, што ўрадавая праграма па рэгуляванні цэн на паліва ў Польшчы надалей дзейнічае.

— Сітуацыя на Блізкім Усходзе пастаянна мяняецца. Да канца чэрвеня мы не плануем скарачаць праграмы, але таксама зараз рана гаварыць пра ейнае магчымае падаўжэнне, бо сітуацыя на Блізкім Усходзе вельмі дынамічная, — заявіў міністр.

Нагадваем, у Ісламабадзе ідзе падрыхтоўка да запланаванага на сёння другога раўнда перамоваў паміж Іранам і ЗША. Іранскае інфармацыйнае агенцтва IRNA паведаміла, што прадстаўнікоў Ірана ў Ісламабадзе не будзе. Аднак амерыканская дэлегацыя знаходзіцца ў дарозе ў Пакістан.

Між тым, падчас выходных, іранскія ўлады далі зразумець, што лічаць амерыканскую блакаду іранскіх партоў парушэннем пагаднення аб спыненні агню. У сваю чаргу ЗША асудзілі абстрэл двух танкераў пад індыйскім сцягам, якія спрабавалі прайсці праз Армузскі праліў.

У нядзелю ўвечары амерыканцы паведамілі, што абстралялі і захапілі іранскі карабель, які спрабаваў абысці марскую блакаду ЗША. Іран палічыў гэта актам агрэсіі і абвясціў аб мерах у адказ.

Двухтыднёвае пагадненне аб спыненні агню мінае ў аўторак увечары. Прэзідэнт Дональд Трамп абвясціў, што калі пагадненне з іранцамі не будзе дасягнутае, ваенныя аперацыі супраць Ірана адновяцца.

ІАR/аз

Двое мужчын былі пакараныя смерцю ў Іране

20.04.2026 09:15
Летась у Іране была прыведзеная ў выкананне рэкордная колькасць смяротных прысудаў.