Еўракамісар па гандлі Марош Шэфчовіч заявіў, што ЗША не плануюць далейшага змякчэння санкцый у дачыненні да расійскай нафты. Пасля перамоў з міністрам фінансаў ЗША Скотам Бесэнтам ён адзначыў, што мае «яснае разуменне»: такое рашэнне не паўторыцца.
Паводле Шэфчовіча, часовае змякчэнне санкцый у красавіку было экстранай мерай у адказ на сітуацыю ў Армузскім праліве, а таксама на просьбы краін з нізкімі даходамі, якія пацярпелі ад энергетычнага крызісу.
Падчас візіту ў Вашынгтон еўракамісар таксама падпісаў мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы крытычна важных мінералаў. Дакумент накіраваны на зніжэнне залежнасці ЕС і ЗША ад паставак з Кітая.
Еўракамісар падкрэсліў, што дыверсіфікацыя пастаўшчыкоў — ключавы элемент эканамічнай бяспекі. Ён таксама выказаў упэўненасць, што ЗША будуць выконваць гандлёвыя дамоўленасці з ЕС, нягледзячы на магчымыя змены ў тарыфнай палітыцы.
pap/эж