Беларуская Служба

Завершаны пошук ахвяр Валынскай разні ў Гуце Пяняцкай

18.06.2026 14:01
На месцы археолагі выявілі брацкую магілу плошчай у 70 квадратных метраў.
Завершаны пошук ахвяр Валынскай разні ў Гуце Пяняцкай facebook.com/poszukiwaniaipn

У Гуце Пяняцкай(па-ўкраінску: Гута Пеняцька) Львоўскай вобласці завяршыліся пошукі парэшткаў ахвяр Валынскай разні. Даследчыкі паведамілі Польскаму радыё, што ў знойдзенай масавай магіле могуць быць захаваны некалькі сотняў ахвяр.

Наступным этапам працы будзе эксгумацыя. Аднак, хутчэй за ўсё, яна пачнецца ў наступным годзе.
Археолагі раскапалі 4 тысячы квадратных метраў зямлі на месцы, дзе калісьці знаходзілася вёска Гута Пяняцка. На месцы былі выяўлены падмуркі храма, а побач з імі — вялікая масавая магіла тых, хто быў забіты ўкраінскімі нацыяналістамі больш за 80 гадоў таму.

Як растлумачыў у інтэрв'ю Польскаму радыё ксёндз Томаш Тшаска(Tomasz Trzaska) з Бюро пошуку і ідэнтыфікацыі Інстытута нацыянальнай памяці, які працуе на месцы, гаворка можа ісці пра парэшткі некалькі сотняў ахвяраў.

 Плошча выяўленай магілы складае прыблізна 70 квадратных метраў. Яна сапраўды вялікая. Па ўсёй плошчы ляжаць чалавечыя парэшткі. Глыбіня магілы пакуль не была вызначаная. Аднак, гэта менавіта яна вызначыць канчатковую колькасць ахвяр. Паводле ацэнкаў, гаворка можа ісці пра некалькі сотняў ахвяраў. Ці будзе гэта 300, 500 ці 600 ахвяр, зараз цяжка сказаць,  заявіў ксёндз Тшаска.

Сёння археолагі забяспечаць месца даследавання. Затым яны звернуцца да ўкраінскіх уладаў з просьбай дазволіць эксгумаваць і належным чынам перапахаваць ахвяр.

Паколькі на дазвол трэба будзе пачакаць нават некалькі месяцаў, а самі эксгумацыі таксама зоймуць не менш за два месяцы, верагодна, праца на месцы можа быць адноўлена наступнай вясной.

У лютым 1944 года ўкраінскія нацыяналісты забілі ў Гуце Пяняцкай больш за 800 палякаў.

IAR/аз

Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы завяршыў чарговы этап пошукавых работ на Валыні

01.05.2026 13:44
Падчас гэтага этапу былі выяўлены дзве масавыя магілы і адна індывідуальная.