Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Кіраўнік украінскага МЗС падзякаваў польскім службам за рэакцыю на інцыдэнт у горадзе Бельска-Бяла

13.07.2026 15:05
Нашай згоды на такія паводзіны няма, запэўніла прадстаўніца польскага Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.
     i
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй СiбігаPAP/EPA/OLIVIER MATTHYS

Міністр замежных спраў Украіны падзякаваў польскім службам за затрыманне мужчыны, які абразіў украінскую дзяўчынку. Інцыдэнт адбыўся на мінулым тыдні ў аўтобусе грамадскага транспарту ў горадзе Бельска-Бяла.

Паводле слоў Андрэя Сібігі, рашэнне аб затрыманні мужчыны было «хуткім і правільным». Адначасова ўкраінскі палітык нагадаў, што «такая агрэсія і нянавісць не павінны адбывацца ў еўрапейскім дэмакратычным грамадстве». Ён таксама заклікаў польскіх палітыкаў не распальваць нянавісць супраць Украіны і ўкраінцаў.

На відэа, размешчаным у інтэрнэце, мужчына пагражае дзіцяці, выкрыкваючы агрэсіўныя і ксенафобскія лозунгі. Ён таксама агрэсіўна паводзіў сябе ў дачыненні да пасажыраў, якія сталі ў абарону дзяўчынкі.

Пагрозы, запалохванне і падбухторванне да нянавісці непрымальныя, запэўніла прадстаўніца Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Караліна Галэцка (Karolina Gałecka).

— Вельмі часта ў сацсетках публікуюцца ролікі, якія дакументуюць падобныя інцыдэнты. З нашага боку — з боку польскага МУС, няма згоды на такія паводзіны, якія распальваюць канфлікт па нацыянальнай прыкмеце. Кожны заслугоўвае павагі незалежна ад нацыянальнасці, колеру скуры ці рэлігіі, — заявіла прадстаўніца польскага МУС.

Паліцыя арыштавала мужчыну, які аказаўся кіроўцам мясцовага прадпрыемства гарадскога транспарту. Кампанія абвясціла аб дысцыплінарных мерах супраць свайго супрацоўніка. Падчас інцыдэнту мужчына знаходзіўся на бальнічным.

IAR/аз