Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра пачатак публікацыі матэрыялаў, якія сведчаць пра ўмяшанне Кітая ў амерыканскія прэзідэнцкія выбары 2020 года. Амерыканскі лідар сцвярджае, што дакументы раскрываюць сур’ёзную ўразлівасць выбарчай сістэмы краіны:
— Кітайская Народная Рэспубліка ажыццявіла тое, што лічыцца найбуйнейшай у гісторыі ўцечкай выбарчых даных, у выніку якой Кітай незаконна атрымаў 220 мільёнаў файлаў амерыканскіх выбарцаў. Гэтыя звесткі ўключалі імёны, адрасы, нумары тэлефонаў, палітычныя ўпадабанні ды іншую канфідэнцыйную інфармацыю, неабходную для рэгістрацыі выбарцаў і ажыццяўлення іншых супрацьпраўных дзеянняў — і менавіта гэта, паводле нашай інфармацыі, адбывалася, — заявіў Трамп.
Паводле Трампа, яшчэ ў 2020 годзе амерыканскія спецслужбы выявілі, што даныя выбарцаў у 18 штатах былі набытыя, выкрадзеныя або ўзламаныя Кітаем, але тагачасныя ўлады ЗША ўтойвалі гэтую інфармацыю.
iar/эж