Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расія перакідвае беспілотныя сістэмы з фронту для абароны караблёў ценявога флоту

18.07.2026 14:12
У перыяд з 6 па 18 ліпеня ўкраінскія беспілотнікі атакавалі 172 расійскія судны – 118 у Азоўскім моры і 54 у Чорным. 
Ілюстрацыйнае фотаImage by JackieLou DL from Pixabay/CC0

Расія пераводзіць 200 экіпажаў беспілотнікаў «Рубікон» з лініі фронту для абароны караблёў у Чорным і Азоўскім морах, паведаміў у суботу камандзір Сіл беспілотных сістэм (СБС) украінскай арміі Роберт «Мадзьяр» Броўдзі.

— Вораг адводзіць да 200 экіпажаў беспілотнікаў «Рубікон» для абароны ценявога флоту. Па адным на кожны актыўны карабель, — напісаў Броўдзі.

Ценявы флот — гэта сетка пераважна старых танкераў, якія выкарыстоўваюцца Расіяй для абыходу міжнародных санкцый на экспарт сырой нафты і нафтапрадуктаў. У цяперашні час ён налічвае не менш за 600 суднаў, але, паводле некаторых ацэнак, па ўсім свеце можа быць да 1600 суднаў. Гэта ў асноўным малыя і сярэднія танкеры.

Броўдзі паведаміў, што для абароны расійскіх караблёў разгортваюцца сілы 51-й дывізіі СПА і зенітнага палка Чарнаморскага флоту. Яны выкарыстоўваюць беспілотнікі-перахопнікі, партатыўныя сістэмы супрацьпаветранай абароны і кулямёты.

У перыяд з 6 па 18 ліпеня ўкраінскія беспілотнікі атакавалі 172 расійскія судны  118 у Азоўскім моры і 54 у Чорным. Толькі ў ноч з 17 на 18 ліпеня было знішчана 13 суднаў: восем сухагрузаў, танкер, газавоз, буксір і два плывучыя краны, паведамляе інфармацыйны партал «Украінская праўда».

Мэта ўкраінскіх нападаў  парушэнне транспарту нафты, паліва і іншых грузаў, якія перавозяцца з парушэннем санкцый, уведзеных супраць Расіі, нагадвае сайт.

Цэнтр беспілотных тэхналогіяў «Рубікон», пра які ў суботу згадваў Броўдзі, лічыцца (у тым ліку ўкраінскім бокам) адным з найбольш эфектыўных расійскіх падраздзяленняў, якія аналізуюць баявы патэнцыял беспілотнікаў, распрацоўваюць тактыку іх выкарыстання і навучаюць вайскоўцаў. Цэнтр быў створаны ў сярэдзіне 2024 года на базе аднаго з падраздзяленняў расійскіх беспілотных войскаў, якія ўдзельнічалі ў вайне з Украінай, у адказ на масавае выкарыстанне беспілотнікаў украінскай арміяй.

PAP/юл