На паўднёвым захадзе Японіі адбыўся землятрус магнітудай 7,1 бала паводле Рыхтэра. Пасля падземных штуршкоў у горадзе Кумамота часткова абрынуўся гандлёвы цэнтр Aeon Mall, дзе, паводле інфармацыі ратавальных службаў, пад заваламі могуць знаходзіцца людзі. Тэлеканал NHK са спасылкай на паліцыю паведамляе, што сувязь страчаная з 20–30 супрацоўнікамі цэнтра.
Паводле сведкаў, пасля землятрусу ў будынку адбыўся выбух і абрынуўся другі паверх. Наведвальнікаў паспелі эвакуяваць, пасля чаго ратавальнікі пачалі пошук людзей.
Землятрус адбыўся на востраве Кюсю, яго эпіцэнтр залягаў на невялікай глыбіні, што ўзмацніла яго наступствы. Стыхія выклікала адключэнні электраэнергіі, пашкодзіла дарогі і масты. Больш за 150 тысяч чалавек атрымалі рэкамендацыю эвакуявацца. Японскае метэаралагічнае агенцтва ўжо зафіксавала больш за 60 афтершокаў і папярэдзіла пра верагоднасць новых моцных падземных штуршкоў.
Паводле МАГАТЭ, АЭС «Сэндай», размешчаная прыкладна за 100 кіламетраў ад эпіцэнтра землятрусу, працуе ў штатным рэжыме.
pap/iar/эж