Урад Венгрыі ў сераду абвясціў трывогу з-за сур'ёзнага недахопу вады, які закрануў 3/4 тэрыторыі Венгрыі, паведаміў у Фэйсбуку міністр навакольнага асяроддзя Ласла Гайдаш. З-за спёкі ў Будапешце былі прыняты меры па падрыхтоўцы сталіцы да павышэння тэмпературы.
У апублікаваным відэа Гайдаш заявіў, што паказчыкі засухі перавысілі максімальныя значэнні, указаныя ў нарматыўных актах, на большай частцы краіны, што патрабуе прыняцця надзвычайных мер. Міністр дадаў, што «тры чвэрці краіны сутыкаюцца з сурʼёзным недахопам вады», і таму быў уведзены найвышэйшы ўзровень трывогі, «каб сектар водных рэсурсаў мог больш эфектыўна і хутка прымаць неадкладныя і неабходныя меры».
У пачатку гэтага тыдня ў Венгрыю прыйшла чарговая летняя спёка. Чакаецца, што ў бліжэйшыя дні тэмпература будзе паступова павышацца, дасягнуўшы піка ў 39 градусаў Цэльсія ў нядзелю.
Мэр Будапешта Гергей Карачонь у сераду паведаміў, што сталіца гатовая да будучай спёкі. У горадзе ўжо ўсталяваны пункты аварыйнага водазабеспячэння, якія пачнуць працаваць не пазней за чацвер. Крыніцы пітной вады будуць устаноўлены, у тым ліку на самых загружаных прыпынках грамадскага транспарту.
Карчонь таксама запэўніў, што, нягледзячы на рэкордна нізкі ўзровень вады ў Дунаі, Будапешцкая вадаправодная кампанія здольная забяспечыць бесперапынную падачу пітной вады, таму няма неабходнасці ўводзіць абмежаванні на спажыванне вады.
— Прашу вас звярнуць асаблівую ўвагу на правільную гідратацыю ў бліжэйшыя дні і, па магчымасці, пазбягаць знаходжання на пякучым сонцы ў поўдзень, а таксама асабліва клапаціцца пра пажылых людзей, малых дзяцей і бяздомных грамадзян. Давайце клапаціцца адзін пра аднаго падчас гэтай спёкі! — звярнуўся мэр венгерскай сталіцы.
ав