Еўрапейская асацыяцыя футболу УЕФА прыгразіла байкотам турніраў ФІФА, калі сусветная футбольная арганізацыя дапусціць прыватных інвестараў да кампаніі, якая будзе кіраваць камерцыйным бокам чэмпіянатаў свету і іншых спаборніцтваў. Такую пазіцыю аднагалосна падтрымалі ўсе 55 еўрапейскіх футбольных асацыяцый падчас пазачарговага пасяджэння.
Нягледзячы на пратэст, ФІФА мае намер працягнуць кансультацыі. Арганізацыя заяўляе, што не прадае футболу, а кожная з 211 нацыянальных федэрацый павінна самастойна ацаніць прапанову. Праект будзе рэалізаваны толькі ў выпадку, калі яго падтрымае большасць членаў.
План прадугледжвае стварэнне кампаніі FIFA Forward Enterprise коштам 20 мільярдаў долараў. Знешнія інвестары змогуць атрымаць да 20% яе акцый. Кампанія будзе адказваць за продаж правоў на тэлетрансляцыю, спонсарскія кантракты і камерцыйную арганізацыю турніраў. Кожнай нацыянальнай федэрацыі абяцаюць да 40 мільёнаў долараў на развіццё футболу, калі яна падтрымае праект да 19 верасня.
Прапанову таксама адхіліла канфедэрацыя КАНКАКАФ, якая аб'ядноўвае краіны Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі, а таксама Карыбскага басейна. Крытычную пазіцыю заняла і Азіяцкая футбольная канфедэрацыя. Праціўнікі праекта лічаць, што інтарэсы прыватных інвестараў могуць прывесці да далейшага пашырэння фармату чэмпіянату свету, больш частага правядзення турніру і выбару гаспадароў найперш з улікам фінансавай выгады.
IAR/нг