Брытанцы ўсё больш негатыўна ацэньваюць уплыў міграцыі на сваю краіну. Аднак новае даследаванне YouGov паказвае, што стаўленне да палякаў прыкметна адрозніваецца ад гэтай тэндэнцыі.
Доля жыхароў Вялікабрытаніі, якія выступаюць за абмежаванне колькасці людзей, што прыязджаюць з Польшчы, за апошняе дзесяцігоддзе значна знізілася. У цэлым жа стаўленне брытанцаў да міграцыі стала больш негатыўным. У дадзены момант 43% апытаных лічаць, што міграцыя прынесла дзяржаве пераважна негатыўныя наступствы. Гэта на 10 працэнтных пунктаў больш, чым у 2016 годзе.
Адначасова зменшылася колькасць людзей, якія бачаць у міграцыі як станоўчыя, так і адмоўныя бакі. Дзесяць гадоў таму так лічылі 38% рэспандэнтаў, цяпер — 29%. Такім чынам, негатыўная ацэнка міграцыі стала найбольш распаўсюджанай пазіцыяй.
Прадстаўнік YouGov Мэцью Сміт (Matthew Smith) адзначае, што такая змена поглядаў адбылася як сярод прыхільнікаў Brexit, так і сярод тых, хто выступаў супраць выхаду Вялікабрытаніі з Еўрасаюза.
Паводле яго, гэта не азначае агульнага росту антыміграцыйных настрояў. Добры прыклад — стаўленне да палякаў: калі ў 2016 годзе абмежаваць іх прыезд хацелі 42% брытанцаў, то цяпер — толькі 26%. Такім чынам, падтрымка абмежавання міграцыі з Польшчы за дзесяць гадоў знізілася на 16 працэнтных пунктаў.
IAR/нг