Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Тысячы сірыйскіх курдаў вяртаюцца ў свае дамы, якія яны пакінулі каля сямі гадоў таму

11.08.2026 10:32
  У Сірыі застаецца каля пяці з паловай мільёнаў людзей, вымушаных пакінуць свае дамы.
  .
Нацыянальны сцяг курдаў.Фота: Pixabay.com / masoudzada!

Вяртанне курдаў у Рас-эль-Айн, які знаходзіцца каля мяжы з Турцыяй, — гэта частка пагаднення паміж аўтаномнымі ўладамі сірыйскага Курдыстана і ўрадам у Дамаску.

Учора, 10 жніўня, у дарогу адправіліся каля дзвюх з паловай тысяч чалавек. У бліжэйшыя дні чакаецца новая хваля перасяленцаў. Хоць ад Эль-Хасакі да Рас-эль-Айна ўсяго каля сямідзесяці кіламетраў, для дзесяці тысяч курдаў на працягу апошніх сямі гадоў гэтая адлегласць была недасяжнай.

У 2019 годзе горад захапіла звязаная з Турцыяй узброеная групоўка, вядомая як Сірыйская нацыянальная армія. Курды знайшлі прытулак у размешчаным у сірыйскай пустыні горадзе Эль-Хасака. Яшчэ год таму ў іх не было ніякай магчымасці вярнуцца дадому. Гадамі людзі жылі ў намётах, скардзіліся на поўную адсутнасць прыватнасці, скарачэнне міжнароднай гуманітарнай дапамогі і, перш за ўсё, на адсутнасць надзеі.

Надзея з'явілася ў студзені, калі курдскія Сірыйскія дэмакратычныя сілы пачалі перамовы з уладамі ў Дамаску. Ахмед аш-Шараа стаў першым кіраўніком Сірыі, які прызнаў курдаў нацыянальнай меншасцю і гарантаваў ім шэраг правоў. Гэта, праўда, зменшыла надзеі курдаў на стварэнне ўласнай дзяржавы, але палепшыла іх становішча. 

Дамы многіх людзей, якія вяртаюцца ў Рас-эль-Айн, разрабаваныя. У горадзе па-ранейшаму застаецца шмат членаў узброеных груповак, якія сустрэлі курдаў непрыязна. Адбываліся сутычкі і напады на аўтамабілі. Аднак камітэт, які прадстаўляе перасяленцаў з Рас-эль-Айна, падкрэслівае, што гэта «пачатак шляху да поўнага вяртання».

Паводле звестак ААН, у Сірыі, насельніцтва якой складае каля 26 мільёнаў чалавек, па-ранейшаму застаецца каля пяці з паловай мільёнаў людзей, якія пакінулі свае дамы. Яны былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў выніку грамадзянскай вайны, якая працягваецца ўжо 13 гадоў.

нг