НАТА плануе ўзмацніць усходні фланг сеткай з тысяч беспілотнікаў, датчыкаў і спадарожнікаў, аб'яднаных штучным інтэлектам (ШІ). Пра гэта паведамляе выданне Politico, на якое спасылаецца «Еўрарадыё».
Альянс вывучае выкарыстанне беспілотнікаў з падтрымкай ШІ ў рамках ініцыятывы па стрымліванні на ўсходнім флангу. Сетка будзе адсочваць пагрозы ўздоўж межаў НАТА з Расіяй і Беларуссю — ад паўночнай Фінляндыі да Чорнага мора.
Сістэма павінна выяўляць парушэнні межаў краін альянсу і служыць першым эшалонам абароны, абʼядноўваючы даныя з розных крыніц.
Так, пры выяўленні беспілотнікам патэнцыяльнага праціўніка штучны інтэлект зможа супаставіць гэтую інфармацыю са спадарожнікавымі здымкамі, данымі сэнсараў і радараў ды перадаць яе саюзнікам па НАТА, пасля чаго будуць выбраныя адпаведныя сродкі для адказу.
У альянсе гэтую канцэпцыю называюць kill web («сетка паражэння»). Яна прадугледжвае перадачу даных наўпрост аператарам замест працяглай перадачы інфармацыі ад лініі фронту да камандавання і назад.
— Раней інфармацыя ішла праз мноства пасрэднікаў. Сёння яна можа паступаць адразу ад датчыка да інструмента ўздзеяння, — сказаў капітан арміі ЗША Ронан Сефтан.
У НАТА разлічваюць, што сістэма дазволіць альянсу хутчэй за праціўніка адаптавацца да змен на полі бою, і плануюць рэалізаваць праект у кароткія тэрміны.
вс