На 31 ліпеня нямецкія ўзброеныя сілы налічвалі 186,7 тысячы вайскоўцаў — найбольшы паказчык за апошнія 13 гадоў. За год колькасць асабовага складу вырасла прыкладна на 3,7 тысячы чалавек, а Міністэрства абароны ФРГ чакае далейшага росту да канца года.
У ліпені ў Бундэсвер паступіла каля 47,3 тысячы заявак на службу — на 26% больш, чым годам раней. На службу прынялі 15,4 тысячы чалавек.
Германія плануе да сярэдзіны 2030-х гадоў павялічыць колькасць дзейных вайскоўцаў да 260 тысяч, а рэзервістаў — да 200 тысяч. Гэта неабходна для выканання абавязацельстваў перад НАТА і ўзмацнення абароны краіны.
Абавязковая вайсковая служба ў Нямеччыне была прыпыненая ў 2011 годзе. Цяпер улады рыхтуюць новую мадэль службы, якая спачатку будзе грунтавацца на добраахвотнасці, але ў выпадку недахопу рэкрутаў прадугледжвае магчымасць абавязковага прызыву. Новая мадэль службы прадугледжвае рассыланне 18-гадовым грамадзянам анкет пра гатоўнасць і здольнасці да вайсковай службы. Для мужчын яе запаўненне абавязковае.
pap/эж