Іспанія патрабуе пастаяннага размяшчэння супрацоўнікаў «Frontex» ( Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы) у Сеуце і стварэння спецыяльнай місіі «Еўрапола». Прэм'ер-міністр Педра Санчэс таксама абвясціў аб далейшым умацаванні мяжы, якая аддзяляе іспанскую тэрыторыю ад Марока.
Палітык падкрэсліў, што Сеута зʼяўляецца знешняй мяжой Еўрасаюза і павінна атрымліваць большую падтрымку з боку іншых членаў супольнасці.
— Мы будзем патрабаваць стварэння пастаяннай прысутнасці агенцтва «Frontex» у порце і на хваляломе. Мы таксама будзем патрабаваць ад «Еўрапола» стварыць спецыяльную місію па маніторынгу нелегальнай міграцыі ў Сеуце, каб гэтая еўрапейская мяжа атрымала еўрапейскую падтрымку, якой яна заслугоўвае, — заявіў палітык.
Іспанія, сярод іншага, хоча пашырыць хваляломы ў Тарахале і Бенсу, пабудаваць пастаянны барʼер у моры і размясціць дадатковыя камеры і беспілотнікі. Таксама плануецца набыццё новых лодак і абсталявання для службаў.
Агульны кошт ужо зробленых і запланаваных інвестыцый на мяжы Сеуты і Мелільі складае амаль 180 мільёнаў еўра. Згодна з дадзенымі, прадстаўленымі прэмʼер-міністрам Санчасам 30 і 31 ліпеня, у Сеуту прыбыла каля 70 000 мігрантаў. На працягу першых сутак у Марока вярнулася 50 000, а на працягу трох дзён — каля 63 000 чалавек, то бок больш за 90% усіх прыбылых.
Педра Санчэс падкрэсліў, што такая хуткая аперацыя была б немагчымая без супрацоўніцтва з уладамі Марока.
IAR/аз