Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Аперацыя Ізраіля супраць палестынцаў можа быць прызнана этнічнай чысткай — ААН

05.09.2026 11:22
Перасяленні адбываліся ў студзені і лютым мінулага года.
.      .
Ілюстрацыя. Дэманстрацыя ў абарону палестынцаў у Варшаве.Фота: Bożena Navicka

ААН папярэджвае, што прымусовае высяленне палестынцаў з трох лагераў для бежанцаў на Заходнім беразе Іардана можа быць прызнана злачынствам супраць чалавечнасці. З пачатку мінулага года ізраільскія сілы знішчылі там каля паловы дамоў і забілі больш за сто палестынцаў, у тым ліку 21 дзіця. Каля 33 тысяч чалавек не могуць вярнуцца ў свае дамы. Аперацыя Ізраіля «Жалезная сцяна» можа быць прызнана этнічнай чысткай — пішуць аўтары адпаведнай справаздачы.

Перасяленні адбываліся ў студзені і лютым мінулага года. Ізраільскія сілы знішчылі сотні дамоў, пашкодзілі дарогі, адключылі ваду і электрычнасць, а таксама перакрылі доступ гуманітарнай дапамогі ў лагеры для бежанцаў у Джэніне, Нур-Шамсе і Тулькарме. ААН падкрэслівае, што падчас перасялення выкарыстоўвалася зброя, прызначаная для вядзення вайны, у выніку чаго загінулі мірныя жыхары.

Сандос Шалабі, якая была на восьмым месяцы цяжарнасці, застрэлілі, калі яна спрабавала выехаць з лагера Нур-Шамс. У Тулькарме дзесяцігадовы Садам Хусэйн Раджаб, які чакаў бацьку, каб разам пайсці ў мячэць, быў паранены ў жывот. 43-гадовага Ахмада Німера аль-Шаіба застрэлілі, калі ён спрабаваў выехаць з Джэніна на аўтамабілі. У Джэніне двухгадовая дзяўчынка была смяротна параненая ў галаву ізраільскімі вайскоўцамі падчас вячэры з маці і цёткай.

Ізраільскія ўлады сцвярджаюць, што загінулыя падчас аперацыі былі тэрарыстамі. Аднак унутранае ізраільскае расследаванне забойства цяжарнай Шалабі паказала, што ў яе стралялі, бо, паводле ізраільскага боку, яна «падазрона ўглядвалася ў зямлю».

Тры выселеныя лагеры ўваходзілі ў лік амаль дваццаці лагераў, створаных пасля масавага высялення палестынцаў у 1948 годзе. Імі кіравала ААН. Іх жыхарам дагэтуль не дазваляюць вярнуцца дадому.

IAR/нг