Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Міністр замежных спраў Літвы прапануе аб'явіць расійскую выведку тэрарыстычнай арганізацыяй

06.09.2026 18:41
Еўрапейскія выведкі ўсё часцей папярэджваюць аб тым, што ідзе рэзкая эскалацыя так званай «шэрай» (гібрыднай) вайны з боку Расіі на тэрыторыі краін ЕС і НАТА.
     .
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.PAP/EPA/GEORGI LICOVSKI

Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс прапанаваў абʼявіць расійскую выведку тэрарыстычнай арганізацыяй. На яго думку, такі крок адкрые шлях да ўвядзення больш жорсткіх фінансавых санкцый і іншых абмежаванняў у адносінах да Крамля, паведамляе Польскае агенцтва друку PAP.

— Гэта (было б) не толькі палітычным сігналам, але і вельмі канкрэтным прававым інструментам, таму неабходна абмеркаваць гэта на ўзроўні ЕС, — сказаў Будрыс у інтэрвʼю журналістам.

Міністр падкрэсліў, што абʼяўленне арганізацыі тэрарыстычнай цягне за сабой канкрэтныя прававыя наступствы, уключаючы фінансавы нагляд, сістэму кантролю, санкцыі і забарону на падтрыманне кантактаў з такой арганізацыяй.

Еўрапейскія разведвальныя службы ўсё часцей папярэджваюць аб тым, што ідзе рэзкая эскалацыя так званай «шэрай» (гібрыднай) вайны з боку Расіі на тэрыторыі краін ЕС і НАТА. Будрыс лічыць, што абвяшчэнне расійскай разведкі тэрарыстычнай арганізацыяй можа стаць адной з мер у адказ супраць Масквы. Ён заявіў, што Літва мае намер працягваць працу ў гэтым напрамку.

У аўторак нямецкія ўлады абвінавацілі Маскву ў арганізацыі жнівеньскага інцыдэнту ў аэрапорце Лейпцыга, які ЕС ахарактарызаваў як акт, які нясе ўсе прыкметы «дзяржаўнага тэрарызму». Праз два дні, у чацвер, дацкая разведка папярэдзіла, што Крэмль актыўна рыхтуе дыверсійныя аперацыі, накіраваныя супраць абароннай прамысловасці краіны.

Балтыйскае інфармацыйнае агенцтва BNS нагадала, што Літва таксама звязвае гібрыдныя атакі з Расіяй. Міністр абароны Літвы Робертас Каўнас раней папярэджваў, што Масква разглядае магчымасць правядзення так званых аперацый пад ілжывым сцягам у краінах Балтыі — нападаў на крытычна важную інфраструктуру з выкарыстаннем украінскіх беспілотнікаў.

вс