Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц заявіў, што Расія імкнецца дэстабілізаваць краіну, і раскрытыкаваў ультраправую партыю «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD). Пра гэта палітык казаў на з’ездзе Хрысціянска-сацыяльнага саюза (CSU):
— Радыкальная партыя AfD штодня працуе над дэстабілізацыяй Германіі, адмовай ад падтрымкі Украіны, распаўсюджваннем расійскіх наратываў і ізаляцыяй Германіі. Менавіта цяпер CDU і CSU патрэбныя больш, чым у папярэднія гады і дзесяцігоддзі.
Паводле канцлера, расійская агрэсія супраць Украіны падарвала еўрапейскі парадак бяспекі. Палітык заявіў, што Масква імкнецца дэстабілізаваць усю Еўропу, якая стаіць перад выбарам паміж вяршэнствам права і панаваннем сілы. AfD выступае супраць паставак зброі ва Украіну і заклікае аднавіць адносіны з Расіяй.
Хрысціянска-дэмакратычны саюз (CDU), які ўзначальвае Мерц, і яго баварская партнёрская партыя CSU складаюць аснову ўрадавай кааліцыі. Канцлер таксама заклікаў абедзве партыі правесці эканамічныя рэформы, каб умацаваць грамадскую стабільнасць у Германіі.
iar/эж