Літоўскія навукоўцы шукаюць парэшткі вялікага князя літоўскага Вітаўта ў Віленскім кафедральным саборы.
Вітаўт быў стрыечным братам польскага караля Уладзіслава Ягайлы і адным з камандзіраў польска-літоўскага войска ў Грунвальдскай бітве 1410 года.
Пошукі праводзяць даследчыкі Літоўскага інстытута гісторыі. Падставай сталі высновы даследчыка Саўлюса Подэрыса, які выказаў меркаванне, што парэшткі Вітаўта могуць знаходзіцца ў замураванай прасторы каля капліцы святога Казіміра.
Навукоўцы ўвялі ў гэтую прастору камеры, аднак пакуль не выявілі ні рэшткаў саркафага, ні костак, ні іншых прадметаў, якія маглі б сведчыць пра пахаванне. Даследчыкі падкрэсліваюць, што гэта толькі папярэднія вынікі. Канчатковыя высновы будуць зробленыя пасля аналізу сабраных матэрыялаў.
Саўлюс Подэрыс мяркуе, што парэшткі Вітаўта маглі быць знойдзеныя яшчэ ў міжваенны перыяд, калі Вільня ўваходзіла ў склад Польшчы.
У 1931 годзе ў падзямеллях кафедральнага сабора былі выяўленыя пахаванні каралевы Барбары Радзівіл і каралевы Лізаветы Габсбург, а таксама караля Аляксандра Ягелончыка.
На думку даследчыка, інфармацыю пра магчымае выяўленне парэшткаў Вітаўта маглі ўтаіць з палітычных прычын, а самі парэшткі — схаваць паўторна.
Напрыканцы 2024 года ў падзямеллях сабора таксама знайшлі пахавальныя рэгаліі ўладароў Польшчы і Літвы, схаваныя падчас Другой сусветнай вайны.
Вялікі князь Вітаўт — адна з найважнейшых постацей у гісторыі Літвы. Ён памёр у 1430 годзе, аднак месца знаходжання яго парэшткаў дагэтуль застаецца невядомым.
IAR/яс