Пасля чатырох гадоў адсутнасці Расія можа вярнуцца на міжнародныя хакейныя арэны. Нядаўняе рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда адкрывае расійскай зборнай шлях да ўдзелу ў чэмпіянатах свету і іншых міжнародных спаборніцтвах.
Гэта выклікала абурэнне сярод прадстаўнікоў расійскай апазіцыі, украінцаў і спартыўнай супольнасці ў розных краінах свету.
Першым турнірам з удзелам расійскай каманды мог бы стаць маладзёжны чэмпіянат свету, які пройдзе ў Канадзе з 26 снежня па 5 студзеня. Аднак канадскі бок ужо заявіў, што не дапусціць расійскіх хакеістаў да спаборніцтваў.
Незалежны расійскі палітолаг Рыгор Амнуэль заявіў Польскаму радыё, што рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда выклікае абурэнне і служыць выключна інтарэсам крамлёўскай прапаганды.
Адмаўляюцца гуляць супраць расіян таксама фіны, аўстрыйцы, нарвежцы і эстонцы.
Польскі саюз хакея на лёдзе апублікаваў адмысловую заяву. У ёй падкрэсліваецца, што «вяртанне расійскіх зборных да міжнародных спаборніцтваў у цяперашніх абставінах было б заўчасным і супярэчыла б каштоўнасцям, на якіх грунтуецца сусветны спорт».
Расійскія зборныя былі адхіленыя ад міжнародных хакейных спаборніцтваў пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе.
IAR/яс