У аэрапорце Перу затрымалі паляка і двух немцаў, якія спрабавалі вывезці з краіны больш за тры тысячы павукоў-птушкаедаў, у тым ліку відаў, якія належаць да найбуйнейшых у Амазоніі. Пра гэта паведамілі перуанскія ўлады. Затрыманым можа пагражаць да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Нацыянальная служба лясной гаспадаркі і дзікай прыроды Перу SERFOR паведаміла, што замежнікаў затрымалі ў аэрапорце Лімы, адкуль яны збіраліся вылецець у Германію.
Супрацоўніца SERFOR Кора Суарэс, якая працуе ў аэрапорце, расказала, што ў багажы былі схаваныя павукі «на розных стадыях развіцця — ад яек і маладых асобін да дарослых».
— Кантрабандысты правялі дбайны адбор, каб здабыць розныя віды, у тым ліку такія, якія яшчэ не былі апісаныя навукай, — адзначыла Суарэс. Яна дадала, што знойдзеныя ў валізках павукі паходзяць з розных рэгіёнаў Перу.
Спецыялісты ўжо выявілі сярод іх прадстаўнікоў віду Pamphobeteus antinous — аднаго з найбуйнейшых павукоў Паўднёвай Амерыкі. Як падкрэслівае агенцтва Associated Press, у Перу гэты від лічыцца знікаючым і знаходзіцца пад аховай закона.
— Паводле навуковых публікацый, адзін з затрыманых можа быць вядомым даследчыкам павукоў-птушкаедаў. Павукі, некаторыя з якіх маюць незвычайную і яркую афарбоўку, маглі прызначацца для прыватных калекцый, навуковых даследаванняў, а таксама для ўтрымання ў якасці хатніх гадаванцаў, — гаворыцца ў паведамленні SERFOR.
Паводле ведамства, улады адрэагавалі на ананімнае паведамленне аб падрыхтоўцы кантрабанды. Падазраваных затрымала паліцыя.
За незаконны вываз дзікіх жывёл у Перу прадугледжана пакаранне ад трох да пяці гадоў пазбаўлення волі. Калі гаворка ідзе пра віды, якія знаходзяцца пад аховай закона, тэрмін зняволення можа павялічыцца да сямі гадоў.
— Пасля завяршэння агляду і праверкі павукоў перададуць у спецыялізаваны гадавальнік, які мае адпаведны дазвол, — дадалі ў SERFOR.
PAP/яс