5 лістапада 2026 года ў Бруселі адбыліся важныя дэбаты ў Еўрапарламенце, прысвечаныя росту транснацыянальных рэпрэсій. Галоўнай тэмай сустрэчы стала супрацьдзеянне спробам аўтарытарных рэжымаў пераследаваць і затрымліваць сваіх крытыкаў за мяжой.
Адной з сустаршынь дэбатаў выступіла польская еўрадэпутатка Малгажата Гасеўская, якая прадстаўляла справаздачу па беларускім пытанні. Яна падкрэсліла, што пасля брутальнага здушэння пратэстаў 2020 года рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі вымусілі сотні тысяч беларусаў да эміграцыі. Сёння за межамі краіны жыве каля 800 тысяч грамадзян Беларусі, але для многіх з іх небяспека не спынілася з перасячэннем мяжы.
На прыкладзе Беларусі, Расіі, Кітая і Ірана былі разгледжаны асноўныя метады ціску: ад завочных прысудаў, канфіскацыі маёмасці і ціску на сваякоў да пазбаўлення консульскіх паслуг і выкарыстання міжнародных паліцэйскіх механізмаў, такіх як Інтэрпол.
На дэбатах былі вызначаны галоўныя задачы Еўрапарламента і ЕС па барацьбе з гэтай пагрозай:
- Камплексная стратэгія ЕС: стварэнне адзінай сістэмы збору інфармацыі, паляпшэнне каардынацыі паміж краінамі-чальцамі і выразнае рэагаванне на пагрозы.
- Абарона ахвяр рэпрэсій: забеспячэнне даступных каналаў паведамлення пра небяспеку, юрыдычнай дапамогі і рэальнай аховы, а таксама недапушчэнне выкарыстання палітычна матываваных арыштаў і Інтэрпола.
- Прыцягненне да адказнасці: увядзенне санкцый і правядзенне расследаванняў у дачыненні да тых, хто арганізуе і фінансуе транснацыянальны ціск.
- Міжнароднае супрацоўніцтва: падтрымка незалежных журналістаў, праваабаронцаў і дыяспар, каб межы еўрапейскіх краін не служылі інструментам для экспарту рэпрэсій.
Парламент падкрэсліў неабходнасць тэрміновага пераходу ад дэкларацый да канкрэтных дзеянняў з боку Еўракамісіі, Рады ЕС і ўрадаў краін-сябровак.
яс