Уладзімір Пуцін паводзіць сябе як падлетак, Уладзімір Зяленскі часам бывае капрызным, а Біньямін Нетаньяху ставіць свае палітычныя мэты вышэй за патрэбы Ізраіля. Такія меркаванні 46-га прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з'явяцца ў ягонай аўтабіяграфіі. Выданне The Wall Street Journal атрымала доступ да фрагментаў кнігі «Promise Me, America» (Абяцай мне, Амерыка), у якой Байдэн расказвае пра сваё прэзідэнцтва і перадвыбарчую кампанію.
Джо Байдэн пачынае кнігу з жорсткай ацэнкі нападу на Капітолій 6 студзеня 2021 года. Ён піша, што ў той дзень Дональд Трамп узначальваў «паўстанне», а не Амерыку, і называе гэта адным з найгоршых выпадкаў невыканання прэзідэнтам сваіх абавязкаў у гісторыі Злучаных Штатаў.
Аднак, паводле былога прэзідэнта, пасля сваёй інаўгурацыі ён атрымаў ад Трампа прыязны ліст. Як піша Байдэн, падчас сустрэчы пасля прысягі Дональд Трамп сказаў, што «калі б не палітыка, яны маглі б стаць добрымі сябрамі і разам гуляць у гольф».
Былы прэзідэнт ЗША таксама піша, што падчас прыватных сустрэч Уладзімір Зяленскі «бываў капрызным і ўпартым», а таксама дэманстраваў недастатковую ўдзячнасць. У той жа час Байдэн адзначае, што акцёрскі досвед прэзідэнта Украіны аказаўся добрай падрыхтоўкай да кіраўніцтва краінай ва ўмовах вайны.
Уладзімір Пуцін, паводле Байдэна, «любіў сядзець на сустрэчах, згорбіўшыся, і рабіць выгляд, што яму ўсё абыякава, як падлетак».
Джо Байдэн таксама апісвае свае адносіны з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху, на арышт якога Міжнародны крымінальны суд выдаў ордар паводле абвінавачанняў у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых у Палесціне.
Байдэн піша, што яны «маглі размаўляць шчыра, але асаблівага даверу паміж імі не было». Былы прэзідэнт ЗША лічыць, што Нетаньяху ставіў свае палітычныя мэты вышэй за патрэбы Ізраіля і ў гэтым нагадваў Дональда Трампа.
У аўтабіяграфіі Джо Байдэн таксама згадвае, сярод іншага, рашэнне аб вывадзе амерыканскіх войскаў з Афганістана, рэакцыю на пандэмію COVID-19 і адмову ад удзелу ў прэзідэнцкай гонцы на другі тэрмін.
Кніга «Promise Me, America» павінна выйсці ў аўторак, 17 лістапада.
IAR/нг