Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц выступае за дыпламатычнае ўрэгуляванне вайны ва Украіне, але супраць перамоваў, у якіх удзельнічаюць выключна вялікія дзяржавы. Пра гэта канцлер заявіў пасля завяршэння саміту Кааліцыі ахвотных у Берліне.
Паводле вынікаў сустрэчы, удзельнікі Кааліцыі ахвотных пацвердзілі гатоўнасць працягваць фінансавую і ваенную падтрымку Украіны ў 2027 годзе. Еўрапейскія партнёры падтрымалі прапанову Еўракамісіі выдзеліць на гэтыя мэты дадатковыя 45 мільярдаў еўра, а Вялікабрытанія паабяцала больш за 11 мільярдаў фунтаў дапамогі. Таксама ўдзельнікі абмеркавалі магчымыя гарантыі бяспекі для Украіны пасля спынення агню і падрыхтоўку да мірных перамоваў з удзелам Украіны, Расіі, ЗША і Еўропы.
На прэс-канферэнцыю пасля сустрэчы нямецкі канцлер прынёс кавалак Берлінскай сцяны — сімвал падзелу Еўропы ў мінулым.
— Берлінская сцяна стаяла непадалёк адсюль. На працягу 35 гадоў яна падзяляла наш кантынент, Германію і сам Берлін. У 1988 годзе прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган заявіў у Берліне: «Зруйнуйце гэтую сцяну, спадар Гарбачоў!» Сёння мы звяртаемся да прэзідэнта Пуціна: спыніце вайну ва Украіне, і давайце разам знойдзем дыпламатычнае рашэнне!
Канцлер Германіі таксама падкрэсліў, што перамовы пра Украіну без удзелу самой Украіны і Еўропы не прывядуць да міру. Такім чынам палітык адрэагаваў на перамовы ў кітайскім Шэньчжэне з удзелам кіраўнікоў ЗША, Кітая і Расіі.
iar/эж