Расія разбудоўвае ваенную інфраструктуру ўздоўж фінскай мяжы. У будучыні там можа быць размешчана да 11 тысяч вайскоўцаў.
Паводле інфармацыі фінскай грамадскай тэлекампаніі Yle, расіяне мадэрнізуюць ваенны гарнізон у Каменцы, прыкладна за 60 кіламетраў ад фінскай мяжы. Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што ў апошнія месяцы частка старой інфраструктуры была знесена і пачалося будаўніцтва новых ваенных аб'ектаў.
У Каменцы дыслакуецца 69-я мотастралковая дывізія. Яна была сфармаваная шляхам рэарганізацыі брыгады, якая раней налічвала каля 4400 салдат. Цяпер дывізію плануюць павялічыць да 11 тысяч салдат.
Аналіз спадарожнікавых здымкаў паказвае, што, сярод іншага, у гарнізоне былі знесены старыя казармы і ангары, якія выкарыстоўваліся для захоўвання ваеннай тэхнікі. Там таксама будуецца новая вучэбная інфраструктура, у тым ліку стралковы палігон.
Паводле Yle, будаўнічыя работы таксама вядуцца ў суседнім гарнізоне, а пашырэнне расійскай ваеннай інфраструктуры таксама ахоплівае іншыя абʼекты ў Карэліі.
ПР/юл