Еўрапейскія праваахоўныя органы падазраюць нямецкую кампанію MaReBoote, якая займаецца продажам лодак, у тым, што яна з’яўляецца адным з асноўных пастаўшчыкоў абсталявання для злачынных груповак, якія арганізуюць нелегальную перапраўку мігрантаў праз праліў Ла-Манш. Пра гэта паведамляе BBC са спасылкай на вынікі журналісцкага расследавання.
З дакументаў, да якіх атрымалі доступ журналісты, вынікае, што амаль траціна перапраў праз Ла-Манш са студзеня па красавік гэтага года адбылася з выкарыстаннем лодак або рухавікоў, пастаўленых кампаніяй MaReBoote, якая знаходіцца непадалёк ад Дортмунда. За апошнія два гады на англійскае ўзбярэжжа прыплылі прынамсі 82 лодкі, вырабленыя гэтай кампаніяй.
Сумеснае расследаванне BBC, нямецкіх і французскіх СМІ паказвае, што Германія можа выкарыстоўвацца ў якасці тылавой базы для злачынных груповак, якія займаюцца незаконнай перапраўкай мігрантаў. Сярод сабраных доказаў — паказанні меркаваных саўдзельнікаў і таемныя аўдыязапісы з турэмнай камеры меркаванага кіраўніка адной з груповак.
Журналісты таксама выявілі, што падчас спроб перасекчы Ла-Манш на лодках нямецкай кампаніі адбыліся прынамсі два няшчасныя выпадкі са смяротным зыходам.
Уладальніка MaReBoote французская пракуратура падазрае ў супрацоўніцтве са злачыннымі сеткамі са снежня 2024 года. У маі 2026 года ён быў затрыманы ў Германіі на падставе еўрапейскага ордэра на арышт.
Пакуль прадпрымальнік не быў экстрадаваны ў Францыю, дзе яму могуць выставіць абвінавачанні ў арганізацыі нелегальнай перапраўкі людзей, удзеле ў арганізаванай злачыннай групоўцы і прычыненні смерці па неасцярожнасці.
IAR/яс