У сувязі з пагрозай з боку расійскіх ракет і беспілотнікаў, якія парушаюць паветраную прастору краін усходняга флангу НАТА, асобныя дзяржавы і Паўночнаатлантычны альянс у цэлым нарошчваюць магчымасці супрацьпаветранай абароны, паведамляе Польскае агенцтва друку (PAP).
Літва, Латвія і Эстонія з прычыны абмежаваных ваенных магчымасцей у значнай ступені залежаць ад падтрымкі саюзнікаў. Бяспеку іх паветранай прасторы забяспечваюць самалёты краін НАТА ў рамках місіі Baltic Air Defence. Яна дзейнічае з 2004 года. У ліпені сёлета на саміце НАТА ў Анкары было прынята рашэнне змяніць характар місіі з патрульнага на абарончы.
Цяпер у місіі ўдзельнічаюць Італія, Турцыя і Бельгія. Бельгійскія знішчальнікі F-16 абсталяваныя новымі ракетамі для знішчэння беспілотнікаў, выкарыстанне якіх значна таннейшае за прымяненне традыцыйных авіяцыйных ракет. У місіі неаднаразова ўдзельнічала і Польшча.
Пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны краіны Балтыі істотна павялічылі інвестыцыі ў супрацьпаветраную абарону. Латвія і Эстонія закупілі нямецкія комплексы IRIS-T, а Літва – сістэмы NASAMS. Усе тры краіны таксама набылі або замовілі польскія пераносныя зенітна-ракетныя комплексы «Piorun».
Латвія стала першай краінай НАТА, якая ўкараніла сістэму акустычнага выяўлення беспілотнікаў уздоўж усёй усходняй мяжы. Гэта адзін з элементаў ініцыятывы «Сцяна дронаў», якая прадугледжвае стварэнне комплекснай сістэмы выяўлення і нейтралізацыі беспілотнікаў на ўсходнім флангу Альянсу.
Славакія пасля больш як чатырохгадовага перапынку аднавіла самастойную ахову сваёй паветранай прасторы. Амерыканскія знішчальнікі F-16 замянілі савецкія МіГ-29, перададзеныя Украіне. Свае сістэмы супрацьпаветранай абароны мадэрнізуюць таксама Чэхія, Венгрыя і Балгарыя.
Асабліва складаная сітуацыя ў Румыніі, паветраную прастору якой расійскія беспілотнікі рэгулярна парушаюць падчас атак на ўкраінскія парты. Са студзеня па верасень 2026 года было зафіксавана 30 такіх выпадкаў. У маі расійскі беспілотнік трапіў у жылы дом у горадзе Галац, у выніку чаго два чалавекі атрымалі раненні.
Дадатковую пагрозу для Румыніі і Балгарыі ўяўляюць атакі беспілотнікаў на судны ў заходняй частцы Чорнага мора. З сярэдзіны ліпеня зафіксавана 17 такіх выпадкаў. Некалькі суднаў затанулі, каля 30 чалавек загінулі або лічацца зніклымі без вестак. НАТА анансавала ўзмацненне аховы марскіх акваторый ля ўзбярэжжа абедзвюх краін.
У адказ на парушэнне паветранай прасторы Польшчы каля 20 расійскімі беспілотнікамі ў верасні 2025 года НАТА распачала аперацыю «Усходняя варта» (Eastern Sentry).
Пасля інцыдэнту з трыма расійскімі крылатымі ракетамі Х-101, які адбыўся 20 лістапада сёлета, Альянс прыняў рашэнне накіраваць у Польшчу самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення Boeing E-3 Sentry. Ён павінен павысіць эфектыўнасць ранняга папярэджання аб набліжэнні ракет і беспілотнікаў.
яс