Еўрапарламент абвясціў 28 лістапада надзвычайную кліматычную і экалагічную сітуацыю. За адпаведную рэзалюцыю прагаласавалі дэпутаты. Дакумент не мае абавязковага характару, паведамляе „Свабода”.
Дэпутаты рэкамендавалі Еўракамісіі прасачыць, каб усе заканадаўчыя і бюджэтныя рашэнні адпавядалі мэце Парыжскага пагаднення — не дапусціць глабальнага пацяплення больш чым на паўтара градуса Цэльсія.
Еўрапарламент таксама заклікаў ААН на канферэнцыі па клімаце ў Мадрыдзе ў снежні ўзяць абавязанне скараціць выкіды парніковых газаў на 55 працэнтаў да 2030 году. Дэпутаты ў рэзалюцыі папрасілі Еўракамісію ўключыць мараходства ў агульную сістэму абмену квотамі газавай эмісіі.
Дэпутаты адзначылі, што краіны Еўрасаюза з 2020 году павінны падвоіць свае ўнёскі ў міжнародны Зялёны кліматычны фонд і спыніць субсідыі на выкапнёвае паліва.
Паводле дадзеных Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, у 2018 годзе канцэнтрацыя вуглякіслага газу перавысіла на 47 адсоткаў узровень даіндустрыяльнай эпохі (ранняя стадыя развіцця грамадства да сярэдзіны XVIII стагоддзя).
аз