Падчас пасяджэння кабінету міністраў, якое прайшло ў апошні дзень знаходжання Злучанага Каралеўства ў складзе ЕЗ – 31 студзеня, прэм’ер-міністр Борыс Джонсан заявіў, што распачынаецца новы раздзел гісторыі краіны.
За некалькі гадзінаў да выхаду каралеўства з Еўрапейскага Звязу прэм’ер Борыс Джонсан пераконваў у тым, што «цяперака дарога да нацыянальнай еднасці і стварэння роўных шанцаў для ўсіх адкрытая»:
-Няважна, якія выбоіны чакаюць нас на нашай дарозе. Ведаю, што мы здабудзем поспех. Мы падпарадкоўваемся волі народу. Мы зноў здабылі прылады, якія служаць самастойнаму кіраванню. Цяпер надышоў час, каб вызваліць патэнцыял гэтай геніяльнай краіны, каб палепшыць жыццё кожнага ва ўсіх кутках нашага Злучанага Каралеўства.
Сярод іншага прэм’ер Джонсан анансаваў пачатак перамоваў аб заключэнні новых гандлёвых дамоваў з Еўрапейскім Звязам. Борыс Джонсан заявіў, што пачынаючы з 1 лютага Вялікабрытанія атрымала незалежнасць у вядзенні гандлёвых перамоваў з іншымі дзяржавамі.
З уступленнем у сілу Брэксіту пачаўся так званы пераходны перыяд, які працягнецца да канца снежня. За гэты час Лондан і Брусель павінны выпрацаваць пагадненне аб фармаце будучых стасункаў паміж імі.
IAR/эж