Арганізацыя Аб'яднаных Нацый папярэдзіла аб тым, што на паўночным захадзе Сірыі цяпер наспявае гуманітарная катастрофа, падчас якой гінуць і атрымліваюць раненні ўсё больш мірных жыхароў, а таксама руйнуецца інфраструктура.
У пятніцу ААН выказала заклапочанасць рэзкай эскалацыяй гвалту на поўдні і ўсходзе правінцыі Ідліб, а таксама на захад і на поўдзень ад Алепа. Паводле прадстаўнікоў ААН, авіябамбардзіроўкі і ракетныя абстрэлы праводзяцца без уліку наяўнасці мірных жыхароў на тэрыторыях, якія падвяргаюцца нападам.
Ва ўпраўленні ААН па правах чалавека кажуць пра дзясяткі забітых і сотні параненых, а таксама пра сотні тысяч людзей, вымушаных пакінуць свае дамы з-за нападаў. У першыя пяць дзён гэтага месяца ў Ідлібе загінулі як мінімум 49 мірных жыхароў, уключаючы 14 жанчын і 17 дзяцей. У мінулым месяцы ахвярамі ваеннага наступу сталі па меншай меры 186 мірных жыхароў, сцвярджаюць у ААН.
Прэс-сакратар упраўлення Марта Хуртада кажа пра тое, што ў ААН шакаваныя тым, што мірныя жыхары працягваюць пакутаваць ад наступу. Атакуюць мірных жыхароў усе бакі канфлікту.
У ААН кажуць, што авіяналёты, якія праводзяцца расейскімі і сірыйскімі войскамі, сталі асноўнай прычынай гібелі і раненняў сярод грамадзянскага насельніцтва. Дамаск і ягоныя расійскія хаўруснікі ўжо цягам дзевяці месяцаў вядуць наступ з мэтай аднавіць кантроль над Ідлібам.
паводле golos-ameriki.ru/эж