Беларуская Служба

900 тысяч сірыйцаў сталі ўцекачамі з-за наступу войскаў Асада

18.02.2020 08:11
Маці паляць пластык, каб абагрэць сваіх дзяцей. Немаўляты і маленькія дзеці паміраюць ад холаду».
Абстрэл вёскі Сарман у ваколіцах Ідлібу PAP/EPA/YAHYA NEMAH

Амаль 900 тысяч чалавек вымушаны былі пакінуць свае дамы, паведамляе ААН. З пачатку наступу сірыйскіх урадавых войскаў у снежні 2019 года людзі масава ўцякаюць з ахопленых баямі раёнаў на паўночным захадзе Сірыі. Толькі за апошнія чатыры дні свае дамы былі вымушаныя пакінуць каля 40 тысяч жыхароў Ідліба, паведаміў, у панядзелак, 17 лютага, каардынатар ААН па гуманітарных пытаннях Марк Лаўкок.

Паводле яго слоў, пераважная большасць уцекачоў – жанчыны і дзеці. Людзям даводзіцца спаць на вуліцы пры ледзяной тэмпературы, бо лагеры ўцекачоў перапоўненыя. «Маці паляць пластык, каб абагрэць сваіх дзяцей. Немаўляты і маленькія дзеці паміраюць ад холаду», – заявіў Лаўкок, заклікаўшы ўсе бакі канфлікту да спынення агню.

У той жа час прэзідэнт Сірыі Башар Асад, нягледзячы на патрабаванні Турцыі спыніць баявыя дзеянні, мае намер працягваць наступ на пазіцыі паўстанцаў. «Гэта прэлюдыя да іх поўнага разгрому», – заявіў ён у тэлезвароце да народа, кажучы аб пераможных наземных аперацыях апошняга часу супраць ісламісцкіх баевікоў і атрадаў умеранай апазіцыі ў Ідлібе на паўночным захадзе краіны.

Прадстаўнікі турэцкага ўрада на перамовах з расійскімі калегамі ў Маскве 17 лютага настойвалі на спыненні баёў. Анкара падтрымлівае некаторыя паўстанцкія групоўкі ў Ідлібе, у той час як Масква і Тэгеран выступаюць саюзнікамі Асада.

паводле dw.com/эж