Міністэрства юстыцыі ЗША ў аўторак, 18 лютага, заявіла аб арышце грамадзяніна Мексікі, завербаванага расійскім урадам. Грамадзянін Мексікі і рэзідэнт Сінгапура Эктар Алехандра Кабрэра Фуэнтес, паводле гэтага паведамлення, дзейнічаў на тэрыторыі ЗША «ад імя замежнага ўрада (Расіі)» без апавяшчэння генеральнага пракурора.
Нейкі расійскі чыноўнік наняў Фуэнтэса ў 2019 годзе, даручыўшы яму, сярод іншага, знайсці аўтамабіль, які належыць «крыніцы ва ўрадзе ЗША» і запісаць ягоны рэгістрацыйны нумар. Фатаграфія гэтага аўтамабіля была знойдзена ў тэлефоне ў жонкі мексіканца ў тэчцы з выдаленымі файламі ў той момант, калі муж і жонка прыехалі ў аэрапорт Маямі, каб вылецець у Мексіку. Фуэнтес ужо прызнаўся, што яны сфатаграфавалі аўтамабіль па ўказанні расійскага чыноўніка.
Акрамя таго, Фуэнтес павінен быў зняць нерухомасць у раёне Маямі на чужое імя. Ён неаднаразова бываў у Расіі, дзе атрымліваў указанні ад прадстаўнікоў расейскіх уладаў. Агенцтва AFP адзначае, што амерыканская разведка лічыць Расію галоўнай крыніцай шпіянажу ў краіне.
эж