Беларуская Служба

Забойства чачэнскага камандзіра ў Берліне арганізавала ФСБ

19.02.2020 12:04
Имаверны забойца Хангашвілі знаходзіўся на навучальных базах цэнтра спецыяльнага прызначэння ФСБ і часта кантактаваў з супрацоўнікамі антытэрарыстычнага падраздзялення «Вымпел».
Siedziba FSB w Moskwie
Siedziba FSB w MoskwieFedorovekb / Shutterstock.com

Расіянін, якога падазраюць у тым, што ён у Берліне забіў чачэнскага палявога камандзіра Зелемхана Хангашвілі, наведваў навучальныя базы цэнтра спецыяльнага прызначэння Федэральнай службы бяспекі Расіі. Такія вынікі сумеснага расследавання розных СМІ, паведамляе польскі інтэрнэт-партал niezalezna.pl.

Білінгі мабільнага тэлефона Вадзіма Красікава паказваюць, што доўгі час у 2019 годзе ён знаходзіўся на навучальных базах цэнтра спецыяльнага прызначэння Федэральнай службы бяспекі і часта кантактаваў з супрацоўнікамі элітнага антытэрарыстычнага падраздзялення ФСБ «Вымпел», – усталявалі «Insider», «Bellingcat» і «Spiegel».

У справаздачы аб расследаванні СМІ было напісана, што ў 2019 годзе Красікаў 8 разоў наведваў базу цэнтру спецыяльнага прызначэння ФСБ у Балашысе (Маскоўская вобласць), апошні раз 8 жніўня – за некалькі дзён да выезду ў Еўропу.

На працягу гэтага года ён таксама наведаў навучальныя базы ў Балашысе і пасёлку Аверкіява, а таксама офіс асацыяцыі «Вымпел-A» і дом на праспекце Вярнадскага 12, дзе размешчаны Нацыянальны антытэрарыстычны цэнтр і аналітычны цэнтр ФСБ.

Забіты ў Берліне Хангашвілі прымаў актыўны ўдзел у другой чачэнскай вайне, ваяваў у аддзяленні палявога камандзіра Шаміля Басаева. Падчас расійскай агрэсіі супраць Грузіі ў 2008 годзе ён арганізаваў атрад з 200 добраахвотнікаў для барацьбы з крамлёўскімі сіламі.

Неўзабаве пасля забойства Хангашвілі, 24 жніўня, берлінская паліцыя затрымала грамадзяніна Расіі Вадзіма Красікава. Нямецкая пракуратура мяркуе, што да забойства Хангашвілі былі датычныя расійскі ўрад і чачэнская пракуратура. Масква ўсе абвінавачванні адмаўляе.

У снежні 2019 года прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што Хангашвілі быў адным з арганізатараў тэракту ў маскоўскім метро і што Расія неаднаразова звярталася да Нямеччыны аб яго выдачы.

Забойства Хангашвілі пацягнула дыпламатычны канфлікт паміж дзвюма краінамі. У снежні МЗС Расіі прызнала двух работнікаў амбасады Нямеччыны непажаданымі асобамі. Раней, з-за нежаданні Расіі ўдзельнічаць у следстве, ФРГ прызнала двух супрацоўнікаў пасольства Расіі ў Берліне персонамі нон грата.

эж