Не менш за адзінаццаць чалавек загінулі ў выніку стральбы ў нямецкім горадзе Ганау, які знаходзіцца ў цэнтральнай зямлі Гэсэн, прыкладна за 20 кіламетраў ад Франкфурта-на-Майне. Такія звесткі паліцыя апублікавала ў ноч на чацвер, 20 лютага. Акрамя таго як мінімум пяць чалавек атрымалі цяжкія раненні, адзначаецца ў заяве нямецкіх праваахоўнікаў.
Паводле паведамленняў відавочцаў, вечарам 19 лютага невядомыя адкрылі агонь у адной з кальяных у цэнтральнай частцы Ганау, застрэліўшы траіх чалавек. Тыя, хто нападаў уцяклі, а праз некаторы час з'явілася інфармацыя аб падобным здарэнні ў кальянай, якая знаходзіцца ў іншым раёне гораду – Кесельштадт. Па непацверджаных дадзеных, у памяшканне ўвайшоў мужчына і адкрыў бязладную стральбу, забіўшы пяцёх чалавек. Ахвяры – у асноўным маладыя людзі, у тым ліку жанчына. Яшчэ адзін чалавек сканаў праз некалькі гадзінаў ад атрыманых ран.
Паведамляецца, што адзін чалавек быў затрыманы, у СМІ зʼявіліся здымкі маладога мужчыны ў кайданках, якога вядуць паліцэйскія, аднак паліцыя неўзабаве заявіла, што затрыманы не мае ніякага дачынення да абодвух нападаў. Тэрыторыя вакол месцаў здарэнняў ачэпленая.
Паліцыянты шукалі тых, хто нападаў, дакладная колькасць якіх па-ранейшаму невядомая. На дапамогу калегам з Ганау прыбылі баварскія паліцэйскія.
Некалькімі гадзінамі пазней паліцыя паведаміла, што меркаваны ўдзельнік нападаў знойдзены мёртвым у сваёй кватэры і што побач з ім знаходзілася цела яшчэ аднаго чалавека. Праваахоўныя органы мяркуюць, што верагодны злачынец дзейнічаў у адзіночку. Звестак ні пра яго асобу, ні пра асобу ахвяры нападаў, а таксама аб іх грамадзянстве пакуль не апублікавана. Пазней паліцыя выявіла ў YouTube апублікаваны меркаваным злачынцам відэаролік.
Расследаваннем займаецца Генеральная пракуратура ФРГ. Як заявіў прадстаўнік Генпракуратуры, следства вывучае «ксенафобскія матывы» злачынства.
паводле dw.com/эж